Журналисты Гродненщины встретились с живым символом Большой Берестовицы

Аб тым, чым сёння жыве раён, яго дасягненнях і паказчыках, расказаў гаспадар бераставіцкай зямлі – старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч, сустрэча з якім адбылася ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацваў.

– Бераставіцкі раён утвораны ў 1944 годзе, які з’яўляецца адным з высокаразвітых раёнаў не толькі рэгіёна, але і рэспублікі. Па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года раён на другім месцы ў вобласці па продажы малака на карову, трэці – па прывагах буйной рагатай жывёлы, – падкрэсліў Антон Кулісевіч. – Сёння ў раёне эфектыўна і дынамічна працуюць усе галіны народнай гаспадаркі, расце вытворчасць прамысловай прадукцыі, стабільна развіваецца сацыяльная сфера.

Знаёмства з Вялікай Бераставіцай распачалося на Ратушнай плошчы, якая атрымала такую назву дзякуючы жыхарам райцэнтра, якія актыўна адгукнуліся на заклік праз раённую газету прыдумаць назву цэнтральнай плошчы. У свой час яна была і Савецкай, і Цэнтральнай, і Леніна. Добрай падставай для такога абазначэння было і тое, што ў 1754 годзе тут была пабудавана ратуша, якая, на жаль, не захавалася.

Бераставіччане памятаюць і паважаюць гісторыю. У цэнтры райцэнтра – Брацкая магіла і Сцяна памяці, на якой ушанаваны імёны загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. З дзвюх тысяч мясцовых жыхароў не вярнуўся кожны другі. Тут жа, на Ратушнай плошчы, знаходзіцца яшчэ адзін помнік, які сімвалізуе жыццё. Да 500-годдзя Вялікай Бераставіцы ў 2006 годзе было ўсталявана Дрэва жыцця, дакрануцца да якога імкнуцца ўсе без выключэння турысты.

Бераставіцкі раён – зямля, багатая на таленавітых людзей. Упэўніцца ў гэтым змаглі ўдзельнікі прэс-тура, наведаўшы раённы Дом рамёстваў, дзе народная спадчына беражліва перадаецца падрастаючаму пакаленню. Каля 40 дзетак з задавальненнем наведваюць установу і займаюцца саломапляценнем, вышыўкай і бісерапляценнем. Гонарам Дома рамёстваў з’яўляецца ўнікальны бераставіцкі строй – старажытны касцюм бераставіччан, які быў адноўлены мясцовамі майстрамі.

Сімвалам Вялікай Бераставіцы з’яўляецца вавёрка, выява якой знаходзіцца на Гербе раёна. Існуе ў райцэнтры і цікавы музей Вавёркі, адзіны на тэрыторыі краін СНД. Наведвальнікаў тут сустракае жывы сімвал Бераставіччыны – вавёрка Юзя, а экспазіцыя расказвае ўсё пра жыццё і паводзіны пушыстай жывёлы.

Шмат прыемных уражанняў засталося ў журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ пасля наведвання Бераставіцкай цэнтральнай бальніцы, якая знаходзіцца на месцы былога графскага маёнтка Касакоўскіх. Дарэчы, адзін з карпусоў пасля праведзенай рэканструкцыі размясціўся ў былым палацы.

Актыўна на Бераставіччыне развіваецца аграэкатурызм. Аграсядзіба “Ціхія сажалкі” – месца, дзе спыняецца час, а на змену гарадской мітусні прыходзіць спакойны адпачынак у суладдзі з прыродай.

– Безумоўна, сёння вельмі цяжка чымсьці здзівіць наведвальнікаў, – дзеліцца гаспадыня аграсядзібы Аліна Гетнер. – Заморскія стравы? Не. Мы робім акцэнт на экапрадукты. Расіяне, напрыклад, едуць да нас за салам і прыгатаванай у печцы ежай. А той, хто паспрабуе студзёную крынічную ваду, абавязкова запомніць яе смак назаўсёды.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і з інтэрнэт-крыніц

Добавить комментарий