Комиссия по содействию занятости населения оказала помощь в трудоустройстве жителям Турецкого сельсовета

На мінулым тыдні ў чарговы раз пастаянна дзеючая раённая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава правяла выязное пасяджэнне. 

На гэты раз жыхары Турэцкага сельсавета змаглі даведацца аб існуючых у раёне вакансіях, а таксама магчымасці прайсці перанавучанне з наступным працаўладкаваннем.

– Працаваць альбо не працаваць – асабістае права кожнага, – звярнуўся да пецярых мясцовых жыхароў, якія знаходзяцца ў пошуках пастаяннага месца працы, Аляксандр Шкадаў. – Але вы павінны ведаць аб наступствах, якія могуць спасцігнуць кожнага не занятага ў эканоміцы грамадзяніна. У першую чаргу яны датычацца поўнай аплаты камунальных паслуг. Для сельскіх жыхароў найбольш актуальным з’яўляецца набыццё дроў і брыкета, за якія таксама прыйдзецца заплаціць у поўным памеры.

Першым абставінамі свайго жыцця падзяліўся 55-гадовы Анатолій, апошнім месцам працы якога была МТФ у вёсцы Загор’е. Мужчына выказаў намер вярнуцца на былое месца працы. Для вырашэння сітуацыі камісія запрасіла на пасяджэнне старшыню ДП “Чарняхоўскі-Агра” Святаслава Уладзіміравіча Аляшкевіча, які даў згоду на працаўладкаванне Анатолія пры ўмове адказнага стаўлення да выконваемых абавязкаў.

Вырашыў звярнуцца да членаў камісіі за дапамогай у працаўладкаванні 45-гадовы Аляксандр з вёскі Загор’е. Каля 18 гадоў мужчына адпрацаваў механізатарам у гаспадарцы. Сёння ж ён працуе неафіцыйна.

– Безумоўна, вы яшчэ досыць малады і пра выхад на пенсію не задумваецеся. Але час ляціць вельмі хутка, – звярнуўся да суіскальніка Аляксандр Шкадаў. – Справа ў тым, што калі вы працуеце афіцыйна, з вашага заробку ідуць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адлічэнні на выплаты вашай будучай пенсіі робіць і ваш наймальнік.

57-гадовы Сяргей мае спецыяльнасць кранаўшчыка, але працаваць па ёй не давялося. Шмат гадоў быў заняты на пілараме ДП “Чарняхоўскі-Агра”, затым працаваў у Карэліцкай МПМК. Апошнія два гады Сяргей нідзе не працуе. Камісія прапанавала мужчыне працаўладкавацца жывёлаводам на МТФ “Загор’е”, але асаблівай зацікаўленасці з боку суіскальніка не ўбачыла. Мужчына выказаў жаданне зноў працаваць на пілараме.

– Пры адсутнасці пастаяннага месца працы неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць працаўладкавацца, – звярнуўся да мужчыны намеснік старшыні райвыканкама, намеснік старшыні камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Руслан Абрамчык. – Магчыма, у хуткім часе з’явяцца вакансіі на пілараме. Пакуль што найлепшы варыянт для вас – праца жывёлаводам.

Гісторыю свайго жыцця расказаў 51-гадовы Сяргей, які доўгі час афіцыйна працаваў у Расіі. На сённяшні дзень мужчына мае прысядзібны ўчастак і падсобную гаспадарку, таму наступствы Дэкрэта №3 яго не спасцігнуць. Камісія прапанавала мясцоваму жыхару звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб удакладніць пытанне наконт працоўнага стажу за мяжой, які абавязкова паўплывае на памер будучай пенсіі.

Напрыканцы пасяджэння члены камісіі нагадалі аб тым, што сустрэчы такога кшталту будуць працягвацца надалей як на тэрыторыі ўсяго Карэліцкага раёна, так і ў будынку райвыканкама. Таму ўсе жадаючыя абавязкова змогуць знайсці падыходзячае месца працы.

Аксана ЯНУШ

Добавить комментарий