Молодая сельхозгвардия. В Циринской школе открыт аграрный класс

Сёлета спіс профільных класаў у сельскіх школах па прапанове Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі папоўніўся аграрнымі. І пакуль сельская гаспадарка рэспублікі чакае сваіх новых герояў, яны — вучні 10 класаў — з поспехам і цікавасцю авалодваюць паглыбленымі курсамі біялогіі і хіміі, а яшчэ ў дэталях знаёмяцца са спецыфікай будучай працы на факультатыве «Уводзіны ў аграрныя прафесіі».

У Карэліцкім раёне аграрны клас адкрыўся на базе ДУА «Цырынскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа». Трапіць сюды аказалася не так і проста: быў патрэбны сярэдні бал атэстата аб базавай адукацыі не ніжэй сямі, а па профільных прадметах (хіміі і біялогіі) адзнака — не менш шасці. У выніку першымі навучэнцамі аграрнага класа сталі Арцём Каралько, Аляксей Качкарык і Яўгеній Шчэрба. Хлопцы зрабілі выбар свядома: самі выраслі ў сем’ях, дзе бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы, ды і самі яны ўжо два гады ўлетку занятыя на работах у КСУП “Цырын-Агра”.

А спасцігаюць новыя веды будучыя аграрыі пад кіраўніцтвам вопытных і высокакваліфікаваных педагогаў. Мы самі ў гэтым упэўніліся, завітаўшы на ўрок хіміі да настаўніцы Жанны Яўгеньеўны Лабоцкай.

А факультатыў «Уводзіны ў аграрныя прафесіі», які вядзе Таццяна Аляксандраўна Алексеевіч, для вучняў, наогул, — кладзезь цікавай і карыснай інфармацыі. Праграма курса ўдала спалучае тэорыю, даючы пачатковыя веды па дзясятках спецыяльнасцяў і ўсіх аграрных сферах, з экскурсіямі і выязнымі заняткамі на сельгаспрадпрыемствы. Таксама, як зазначыла дырэктар Цырынскай школы Наталля Мікалаеўна Адамушка, на сваіх занятках Таццяна Аляксандраўна імкнецца выйсці за межы курса і звязаць навуку з жыццём, у яе бліжэйшых планах – запрашаць на ўрокі лепшых аграрыяў мясцовай гаспадаркі, а ў глабальных – падрыхтаваць для Карэліччыны выдатных і матываваных спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий