Правінцыйны ДЗЭН: Ажыццяўляць жыццё ад Пецярбурга да Наваградка і Карэліч (+відэа)

? Жыць альбо?..

Халадае. Снежыць. Адляцелі птушкі ў вырай. Помню, я стаяла і глядзела на кліны, што раствараліся на небасхіле. Думала пра тое, што, каб мне такія крылы, я б узяла і таксама паляцела далёка і высока…

І так кожны дзень мы знаходзім міліёны “бы” – і застаемся на месцы. Але ёсць і такія, каму чужыя крылы не патрэбныя для палёту, яны самі будуюць дэльтапланы ды ракеты, пракладваюць свае маршруты і скараюць касмічныя вяршыні. І хай гэта атрымоўваецца не з першай, а з сотай спробы, праз дзясяткі расчараванняў і знясіленне, такія людзі не акцэнтуюць увагу на цяжкасцях, працуюць звыш чалавечых сіл і на самым дне знаходзяць магчымасці адштурхнуцца і ўзняцца яшчэ вышэй.

Ці ведаюць яны гора, страты, боль, страх, сумненні? Так. А праз тое, што кожны дзень яны змагаюцца за свае мары, ім дастаецца яшчэ больш, чым каму. Лёс, звычайна, не раз іх ламае, але яны склейваюць сябе, сваю веру ў лепшае і любоў да жыцця, і працягваюць свой рух.

Канешне, я не такі стойкі алавяны салдацік, але, дзякуючы таму, што лёс даруе мне сустрэчы з асаблівымі людзьмі, я заўсёды маю стымул і смак да жыцця. У самых складаных сітуацыях, пасля перыяду самашкадавання і абурэння на ўвесь белы свет, раптам я бачу Чалавека: ён усміхаецца і проста пакрыху, па цаглінцы, будуе сваё жыццё, часам нешта рушыцца і не йдзе па плану, а ён на імгненне супыніцца, выдыхне і зноў бярэцца за справу. Такі ладны медытатыўны працэс. Я назіраю за гэтым творцам, і сама не заўважаю, як думкі праясняюцца і прыходзіць разуменне, які файны свет навокал і колькі дзіўнага можна ў ім зрабіць.

І галоўнае тут, вядома, – дзеянне. Супраць законаў прыроды не пойдзеш: ну ніяк не цячэ вада пад ляжачыя камяні, ды і жыццё наўрад ці зменіцца, калі працягваець рабіць (а дакладней – не рабіць), што і ўчора. Біцца аб сцяну, сыпаць праклёны на ўвесь свет, абрастаць шыпамі, выпускаць джалы, хавацца пад ложак, ставіць на сабе крыжы – таксама не варыянты. Штосьці з гэтага спісу праходзіла сама, таму гарантую – не працуе.

Калі сэрца патрабуе зменаў, выйсце толькі адно – пачаць АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЬ ЖЫЦЦЁ. А так як я не гуру ў гэтым пытанні, а толькі вучуся, то я хачу вас, мае любыя, пазнаёміць з тымі светлымі душой, адкрытымі сэрцам і моцнымі духам Асобамі, гледзячы на якіх, асабіста ў мяне неяк незаўважна за спіной вырастаюць крылы і аднекуль з’яўляюцца сілы тварыць, жыць, любіць. Кагосьці з іх я ведаю больш працяглы час, іншых – менш, а трэціх мэтанакіравана шукала пад гэты праект – і зноў, дзякуй Сусвету, знайшла, бо навокал столькі чароўных і натхняльных людзей.

? Кацярына Карманава. Прыняць змены і застацца сабой

Аднойчы ты прачынаешся і пытаеш сябе: “Хто я? Дзе? У чым сэнс жыцця?” Так здарылася са мной у Пецярбурзе. І я пачала шукаць адказ. Натуральна, знайсці яго, спадзяюся, немагчыма, інакш жыццё страціць магію. Але, дзякуючы духоўнай пошукавай экспедыцыі, я больш глыбока, з падзякай пачала адносіцца да кожнага імгнення. Якраз у гэты момант у мае жыццё ўвайшлі людзі, якія ядналі ў сабе надзвычайную здольнасць сярод мітусні будняў спакойна прымаць змены і ў любой сітуацыі заставацца сабой. Сярод іх – выдатны выкладчык ёгі і медытацыі з Санкт-Пецярбурга Кацярына Карманава. Гэты чалавек вялікага сэрца і моцнага духоўнага стрыжня, які сваёй энергетыкай і прагай да жыцця зараджае сотні людзей быць лепшымі, шчырымі, заўжды спасцігаць штосьці новае і разумець сябе. І вось што Каця мне адказала на пытанне: “Што значыць ажыццяўляць жыццё?”

? “Самае важнае на шляху самаразвіцця – гэта ўмець слухаць сябе. Таму што часам рабіць тое, што хоча сэрца, больш цяжка, чым не рабіць. Але калі мы здраджваем сабе, то губляем смак да жыцця. Гэта бачна не адразу, смак знікае паступова і вядзе да смутных і шэрых будняў. Як вызначыць, што хоча сэрца? Гэта адчуваецца ў целе. Растлумачу: калі думаеш пра тое, што цябе насамрэч радуе, то ў целе з’яўляецца такое пачуццё – ахх… Здараецца, людзі ідуць за жаданнямі з галавы: трэба зарабіць грошай, трэба кватэру, трэба дзяцей вывучыць. І вось яны дасягаюць гэтых мэтаў і разумеюць: у сэрцы – пуста і, наогул, усё не тое, нібы па прымусу. А сапраўднае жаданне – іншае, яно авалодвае вамі і дае сілы рухацца ў правільным кірунку. Зараз у сучаснага чалавека так шмат магчымасцяў. Выкарыстоўвайце іх, вучыцеся, заводзьце новых сяброў, даследуйце свет і сябе!”

? Уладзімір Бузук. Займацца любімай справай і бачыць магчымасці ва ўсім

Жыццё – самы каштоўны падарунак. Гэта дакладна ведае наваградскі бізнесовец Уладзімір Бузук. Свой сувенірны бізнес ён пачынаў з мары і са століка з магнітамі ля Замкавай гары. Было цяжка, здараліся і тупікі, але бізнесовец упэўнена рухаўся да мэты. І сёння сувеніры ад Уладзіміра Бузука вядомыя далёка за межамі Наваградка, з ім супрацоўнічаюць дзясяткі таленавітых майстроў, а яшчэ яго крама – адно з самых прыгожых і ўтульных месцаў у горадзе, сапраўдная славутасць.

З Уладзімірам у нас выйшла цікавая і атмасферная відэаразмова на тэму “ажыццяўляць жыццё”, урывак з якой чытайце ніжэй.

? “Чаму я пайшоў у бізнес? Час быў такі. Трэба было аператыўна вырашаць, хто я і чым хачу займацца. Праблем, натуральна, хапала, але без іх нічога б добрага і не здарылася. Яны закалілі і сталі добрым стымулам. Бо калі ты нешта адкладваеш на заўтра, кажаш, што тут цяжка і сюды не пайду, нічога не атрымаецца. Трэба жыць так, каб ніводзін дзень не мінуў дарэмна. Напачатку я паспрабаваў з розным поспехам некалькі варыянтаў бізнесу. Да сувеніраў, звязаных з гісторыяй Наваградка і беларускай тэматыкай, прыйшоў не адразу, дзесьці гадоў 11 таму. І вырашальным тут стала тое, што гэты бізнес прыносіў асалоду. Паступова ў мяне з’явіліся добрыя і надзейныя памочнікі і аднадумцы: прадаўцы, экскурсаводы, майстры. Кожны прынёс частку сябе, і разам мы стварылі цэлае. Такім чынам, бізнес – гэта не “я”, а каманда. Мы адкрыты для ўсіх і працуем для кожнага зацікаўленага. Атрымоўваецца, і людзям у радасць, і нам нядрэнна”.

? Іван Дзёмушкін. Вытрымаць накаут ад жыцця і стаць чэмпіёнам

Мараходная школа, паветрана-дэсантныя войскі, інстытут фізкультуры, паспяховая трэнерская праца, дзясяткі знакамітых выхаванцаў. Імя Івана Дзёмушкіна даўно ўжо стала легендарным у спартыўнай гісторыі Карэліччыны. Яго лёс – узор, як ажыццяўляць жыццё, перажыць штармавыя падзеі хоць у дзевяць балаў, вытрымаць самыя моцныя ўдары і застацца чэмпіёнам у любой сітуацыі і ўзросце (дарэчы, сам Іван Уладзіміравіч не так даўно адзначыў 70-гадовы юбілей).

Сваімі думкамі наконт жыцця Іван Дзёмушкін падзяліўся на відэа, некалькі вытрымак з якога чытайце ніжэй.

? “Усё пачынаецца з выхавання бацькоў, затым школа, працоўныя калектывы. Усюды трэба імкнуцца бачыць і браць нешта лепшае для сябе. Мне пашанцавала сустрэць шмат добрых людзей. Яны якраз і прывялі мяне ў спорт – да галоўнай справы жыцця. Я рады, што сёння магу перадаць любоў да гэтага занятку дзецям. Мая мэта – вырасціць чэмпіёнаў, але тут гаворка ідзе не пра спартсменаў з тытуламі, а пра людзей, моцных духам, ураўнаважаных, нязломных. Трэба, каб чалавек ведаў не толькі тое, як перамагаць, але і як годна трымаць паразу. Бо сапраўдны чэмпіён умее вучыцца на памылках, заўжды валодае цярпеннем і сабой. Я сваім хлопцам на занятках пастаянна кажу: “Каб стаць мужчынам, недастаткова ім нарадзіцца”. Тут патрэбныя дысцыпліна, пастаянны пошук сябе і самаразвіццё, а яшчэ той занятак, які вам блізкі па духу”.

? Дзмітрый Ненартовіч. Не сядзець на месцы і адкрыцца свету

І будні, і выхадныя карэліцкага маладога спецыяліста, метадыста па гісторыка-культурнай спадчыне Дзмітрыя Ненартовіча, здаецца, распісаны па хвілінах. Кожны дзень для яго асаблівы і поўны магчымасцяў.

? “Для мяне “ажыццяўляць жыццё” – гэта не сядзець на месцы, а праяўляць сябе ў актыўнай дзейнасці і тых мерапрыемствах, адукацыйных праектах, акцыях, якія я лічу карыснымі і цікавымі. Падчас вучобы ў школе, затым – ва Універсітэце культуры я заўжды імкнуўся зрабіць сваё жыццё больш разнастайным і напоўненым асаблівымі падзеямі і сустрэчамі. Усюды можна знайсці прастору для творчасці і самарэалізацыі. Дэбаты, студатрады, праца ў прыёмнай камісіі, дапамога абітурыентам, валанцёрская дзейнасць на міжнародных форумах, школа эсэ і дыскусійны клуб – маё студэнцкае жыццё было надзвычай насычаным. Гэта каштоўны вопыт, падарожжы, новыя веды, абмен меркаваннямі, сябры па ўсім свеце і практыка замежнай мовы. Зараз я імкнуся спалучаць працу ў Карэлічах з дзейнасцю ў камандзе арганізатараў экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог”, што спецыялізуецца на міжнародных адносінах і бяспецы ў Еўропе”.

? Генута Грыцутэ. Тварыць дабро і запальваць агеньчыкі любові

Калі вы хочаце даведацца, што хаваецца за выразам “акіян пяшчоты і дабрыні”, то вам неабходна сустрэцца з казачнай Генутай Грыцутэ з Наваградка. Гаспадыня творчай майстэрні “TADDY” і выкладчык аграрнага каледжу прынясе ў ваша жыццё сонца і напоўніць яго яскравымі фарбамі ў самы пахмурны і сумны дзень.

А проста зараз сакрэтны рэцэпт “ажыццяўлення жыцця” ад чароўнай Генуты.

? “Калі пачала думаць, што сказаць, то зразумела, што ўсё гэта ўнутры, у маіх учынках, але я паспрабую падзяліцца патаемным…

Стомленасць, лёгкі смутак, апалая лістота, асенні настрой… Гэтыя пачуцці часта скоўваюць нашу душу. Мы спасылаемся на тое, што не здольныя здзяйсняць вялікія справы, што жывем не ў тым месцы, нарадзіліся не ў тую эпоху і што не ў нашых сілах змяніць гэты свет. У мяне таксама калісьці былі такія думкі. Але аднойчы жыццё падарыла магчымасць выйсці з гэтага замкнёнага кола і ўсё змяніць. Я паехала ў лагер для людзей з цяжкімі фізічнымі і псіхічнымі растройствамі, дзе працавала валанцёрам. Пасля гэтага свет навокал мяне застаўся той жа, але змяніўся мой уласны свет, а яшчэ з’явіўся адзін цікавы праект. Разам з хлопцамі і дзяўчатамі, якім я выкладаю ў каледжы, мы вучымся тварыць дабро для тых, каму гэта патрэбна. Любоў, якую мы дорым і якую атрымоўваем, уплывае на ўсе сферы жыцця.

Заняткі творчасцю, якія мне вельмі падабаюцца, таксама не магчымы без унутранага ззяння любові. Кожная рэч, якая нараджаецца ў працэсе творчай працы, напоўненая святлом і дабрынёй.

Зараз на вуліцы холадна, хочацца захутацца ў цёплы шаль, зачыніцца дома… Але не трэба зачыняць сваіх пачуццяў. Без гучных слоў і нацягнутай важнасці, прыгожымі ціхімі жэстамі і простай сардэчнасцю запальвайце вакол сябе агеньчыкі любові. Для пачатку можна спячы яблычны пірог і пачаставаць ім сяброў і знаёмых. Паверце, незаўважна свет навокал стане мяняцца, а вам застанецца здзіўляцца і радавацца?”.

? Берагчы жыццё

І пад занавес – яшчэ адна маленькая гісторыя. У Пецярбурзе здарылася мне трапіць на лекцыі цудоўнага чалавека – псіхолага Уладзіміра Іванова. Ён неаднойчы расказваў нам адну цікавую рэч. Кожны раз, калі ён ішоў пажадаць добрых сноў сваёй маленькай дачушцы, заўсёды пытаў у яе: “А што ты сёння зрабіла для сваёй будучыні?” І ў дзяўчынкі быў, як правіла, спіс добрых спраў за дзень. І я хачу пажадаць кожнаму з нас, каб і мы, засынаючы, ведалі, што правялі які-небудзь звычайны панядзелак альбо чацвер недарма, а АЖЫЦЦЯЎЛЯЮЧЫ ЖЫЦЦЁ.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з асабістых архіваў герояў
Відэа аўтара

Добавить комментарий