Руководитель знаменитых «Закрытых твараў» Мария Крень из Еремичей в 77 лет занимается любимым делом и вдохновляет земляков

На вялікі жаль, у многіх сталых людзей існуе, на мой погляд, памылковае меркаванне: маўляў, пенсійны ўзрост утрымоўвае толькі мінусы, прыемнага мала. Нядаўняя ж сустрэча з Марыяй Пятроўнай Крэнь, кіраўніком вядомага на ўсю рэспубліку аматарскага аб’яднання «Закрытыя твары» (у 2003 годзе прысвоена званне «народны»), створанага ёю ж пры Ярэміцкім Доме культуры (зараз аддзел культуры і вольнага часу «Ярэміцкі Дом культуры»), упэўніла ў зваротным, перавярнула, што называецца, душу, выклікала захапленне і прыемнае здзіўленне: 77 гадоў ёй? Не можа быць! Невысокая, спрытная, з густам апранутая, прыгожа падстрыжаныя хвалістыя валасы, у вачах — гарэзлівы агеньчык, які выдае ўнутраную няўрымслівасць, аптымістычнасць характару, прагу да жыцця, непаўторную жаночую абаяльнасць, невычэрпнасць пазітыўнай энергіі і проста, як аказалася, фантастычную ўлюбёнасць у сваю сям’ю, у свой дом, у справу, якой яна займаецца не адзін дзясятак гадоў і якую смела можна назваць унікальнай, як і жыццё Марыі Пятроўны, напоўненае цікавымі момантамі і нечаканымі паваротамі. А ўсё гэта робіць яе шчасліваю, таму й гадоў не назірае…

Што адразу ўражвае, калі пераступаеш парог рабочага пакоя Марыі Пятроўны ў памяшканні Ярэміцкага Дома культуры? Вялікая колькасць масак звяроў, паўзуноў, птушак з усяго свету. Роўненькімі акуратнымі радкамі раскладзены яны на сталах, расстаўлены ўздоўж сцен. Каго тут толькі няма! Дабрадушны мядзведзь, клыкасты дзік, ліса, малпа, асілак-зубр, слон, леў з густой грывай, на падлозе шчэрыцца вялікі кракадзіл, прыціхла чарапаха, непадалёку стаяць прыгажун-тыгр, вярблюд. Асобна — маскі дамашняй жывёлы і птушак: сабака, певень, куры, карова. І ўсе зроблены разам з тулавам у натуральную велічыню! Кожная маска нібы жывая!

З набыццём матэрыялаў дапамагае аддзел ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, нешта прыносяць з дому Марыя Пятроўна і яе памочніцы-энтузіясткі, удзельніцы аб’яднання — іх у яго складзе 25 чалавек (у асноўным пенсіянеркі). Яны на чале з загадчыкам аддзела культуры і вольнага часу «Ярэміцкі Дом культуры» Людмілай Уладзіміраўнай Кавалеўскай — галоўныя артысты, дзякуючы якім маскі ажываюць: ходзяць, танцуюць, спяваюць, выконваюць цыркавыя нумары, іграюць на музычных інструментах. Іх глядач не бачыць, бо знаходзяцца артысты ўнутры масак, і, прама скажам, ім там не соладка: горача, душна. Але невялікія нязручнасці кампенсуюцца шчырай удзячнасцю гледачоў, дарослых і дзяцей. Геаграфічная карта выступленняў калектыву даволі вялікая, і ўсюды — шчырае захапленне, адзіная ацэнка: «Брава! Фантастыка!»

ДАРЭЧЫ
Зараз у калекцыі народнага аматарскага аб’яднання «Закрытыя твары» больш 70 масак! Аўтар і творца іх, стваральніца — Марыя Пятроўна; яны — плён яе залатых рук, яе бясконцай фантазіі. На пашыў масак выкарыстоўваецца штучнае і натуральнае футра, скура, каляровая тканіна. Для вырабу каркаса галоў спачатку выкарыстоўвалі гарбузы, ачышчаныя ад семечак, зараз — дрот, які потым абшываецца неабходнай тканінай.

Міжволі задаешся пытаннем: якім майстэрствам трэба валодаць, каб прыдаць маскам індывідуальнасць, неверагоднае падабенства з жывым аналагам! Заўважыўшы маё нямое захапленне, Марыя Пятроўна смяецца: «Я ўжо без свайго звярынца жыць не магу! Калі не пасяджу за швейнай машынкай — хворая! Абнаўляю старыя маскі, шыю новыя адпаведна распрацаванаму рэпертуару, у кожную ўкладваю душу, таму і здаюцца яны жывымі. Зрокава сканірую будучых персанажаў з фотаздымкаў у часопісах, у фотаальбомах, у ілюстрацыях да зборнікаў казак і пераношу іх рысы ў маскі». Пытаюся: «Калі, чаму ўзнікла задумка аб стварэнні «Закрытых твараў»?» А яна, адмысловая швачка, у якой не было адбою ад заказчыкаў, перакваліфікавалася, не маючы спецыяльнай адукацыі, у работніка культуры, адкрыўшы ў сабе здольнасці мастака, мадэльера-канструктара, дызайнера, стыліста, рэжысёра-пастаноўшчыка, артысткі, мастацкага кіраўніка. Марыя Пятроўна прызнаецца: «Прафесія швачкі і дапамагла зрабіць такі круты паварот у жыцці. І, наогул, у сям’і нашай усе дзеці былі здольнымі і працалюбівымі, як мама і тата».

Бывала, спячэ мама хлеб, падзеліць буханку на шэсць роўных кавалачкаў, кожнаму дзіцяці па аднаму, і гэта порцыя на ўвесь дзень: хочаш — адразу еш, хочаш — у некалькі прыёмаў. Але, дзякуючы Богу, дачакаліся бацьку (ён дайшоў да Берліна, быў паранены), стала лягчэй. Усе шасцёра дзяцей знайшлі сваё месца ў жыцці: два браты (на жаль, няма ўжо ў жывых), як і бацька, сталярнічалі, трэці і сёння выкладае працоўнае навучанне ў Ярэміцкай СШ, сястра Валя — шафёр, Людміла стала мастачкай, жыве ў Полацку, Марыя авалодала зайздросным майстэрствам швачкі. У 24 гады выйшла замуж за кінамеханіка Пятра Крэня з Маласельцаў, адмовіўшы шматлікім паклоннікам, і вось ужо 53 гады жывуць яны душа ў душу, разумеючы адзін аднаго з паўслова, радуюцца дзецям: сыну Алегу (сувязіст, жыве ў Ярэмічах), дачцы Аксане (мае дзве вышэйшыя адукацыі, таленавіты дызайнер, жыве ў Мінску), цешацца ўнукамі і праўнукам, трымаюць у ідэальным парадку свой прыгожы, утульны дом у Ярэмічах.

Швачкай Марыя Пятроўна стала, падпарадкоўваючыся жаданню матулі: трэба ж некаму абшываць вялікую сям’ю, ды й прафесія заўсёды патрэбная для вёскі. Паўгода хапіла 17-гадовай здольнай Марыйцы, каб спасцігнуць неабходныя сакрэты абранай справы ў знакамітай прыватнай швачкі ў Навагрудку. Вярнулася дамоў і адразу ўладкавалася ў швейнае Ярэміцкае атэлье, прадаўжала вучыцца ў сталых вопытных паплечніц, без канца самаўдасканальвалася, і ў хуткім часе пра маладую краўчыху загаварылі, пра яе талент і добразычлівасць. Яна шыла мужчынскую і жаночую вопратку: штаны, сарочкі, фрэнчы, курткі, сукенкі, пазней мясцовыя модніцы фарсілі ў футры, паўкажушках «ад Марыі». З’явіліся попыт, шматлікія заказчыкі.

І раптам, калі падраслі сын і дачка, «захварэла» Марыя Пятроўна на нечаканае для сябе захапленне: пашыў карнавальных касцюмаў для навагодніх ранішнікаў. Першы — касцюм бусла — для сына быў прыняты журы на «ўра» і адзначаны каштоўным падарункам. І пайшло-паехала. Штогод фантазіравала, стварала шэдэўры не толькі для родных дзетак, але і для чужых; з задавальненнем адгукнулася на просьбу маладой, таксама апантанай у працы, загадчыцы Ярэміцкага сельскага клуба Людмілы Уладзіміраўны, дапамагчы ў пашыве касцюмаў для інсцэніровак казак, для святочных прадстаўленняў. Заставалася пасля работы ў атэлье і тварыла, дзякуй мужу, што разумеў яе апантанасць, падтрымоўваў, як мог. А Марыя Пятроўна жыла новымі задумкамі. Так з’явіліся на свет казачныя Певень, Ліса, Кот, Машанька, Мядзведзь, Змей Гарыныч, сталі інсцэніраваць казкі, паказваць насельніцтву. І зразумелі: іх праца не проста забава, яна патрэбна людзям, яна прыносіць усім шчаслівую радасць. Урэшце рэшт угаварыла Людміла Уладзіміраўна майстрыху перасяліцца ў Дом культуры са сваёй творчай лабараторыяй масак, адвяла ёй пакой для работы і вось ужо 32 гады доўжыцца іх удалае супрацоўніцтва, дзякуючы якому і ўзнікла аматарскае аб’яднанне «Закрытыя твары», унікальнае па сваёй сутнасці, згуртаваўшае вакол сябе таксама неардынарных прыхільнікаў.

Нядаўна прысутнічала на выступленні «Закрытых твараў» у дзіцячым садку № 2 г. п. Карэлічы. Цудоўная праграма, бліскучае выкананне роляў, талент вядучага Сяргея Шымка зачаравалі, падарылі і дзеткам, і дарослым сонечны настрой. Эмоцыі ў зале зашкальвалі! Пасля заканчэння прадстаўлення знаходжу Марыю Пятроўну і «артыстак» у адным з пакояў. Стомленыя (пенсійны ўзрост такі дае аб сабе знаць!), але шчасліва задаволеныя.«Жанчынкі, — пытаюся, — навошта гэта вам?» Н. М. Дасько (працуе ў музычнай школе, выконвае ролю “дрэсіроўшчыцы”), Л. І. Рыжкоўская, Л. М. Бразоўская, Г. С. Ульянка, Т. М. Бразоўская, В. У. Падалянчык, В. М. Паляшчук, Л. Р. Мокат, Г. М. Арабей, Л. І. Жук, М. У. Вашэсцік, Л. У. Кавалеўская (некаторыя з і х пражываюць у Ярэмічах толькі ў сезонны перыяд, і адразу — на рэпетыцыі ў Дом культуры!), перабіваючы адна адну, усхвалявана адказваюць: «Як навошта? Дзеля таго, каб дарыць радасць людзям! Гэта наша жыццё, наша аддушына, магчымасць мець цікавыя карысныя зносіны, забывацца пра ўзрост, хваробы. З намі і дзеці выступаюць, атрымоўваюць добры выхаваўчы стымул. А наша Марыя Пятроўна — прыклад для нас ва ўсім: як спецыяліст, як чалавек, як гаспадыня, як творца. Яна прывыкла, што ў яе ўсё павінна быць найлепшае, і мы цягнемся за ёю, уладальніцай залатых рук і залатога сэрца, таму і калектыў наш — лепшы ў Беларусі! Што нам старасць!»

Пры сваёй штодзённай занятасці застаецца Марыя Пятроўна любячай і клапатлівай жонкай, маці, бабуляй, прабабуляй і неверагоднай гаспадыняй. Фанацее ад памідораў (іх у яе каля 40 гатункаў) і вырошчвае любімцаў у бляшаных вёдрах без дна. Для кожнага каліўца — асобнае вядро, усіх — больш за 80! І ўраджай добры прыносяць, і прыгажосць надаюць двароваму ландшафту. Адным словам, няма калі гаспадарам сумаваць. «Маё жыццё — работа, — сцвярджае Марыя Пятроўна. — Хоць зараз ужо трымаюся на таблетках, але без працы, без творчасці не магу. Падмацуюся лекамі — і наперад! Інакш можна закіснуць, зачахнуць без пары…» Як не пагадзіцца з гэтым?

Заканчваю артыкул словамі загадчыцы Ярэміцкага Дома культуры Л. У. Кавалеўскай: «Перш за ўсё, Марыя Пятроўна — эталон жанчыны ў манеры апранацца, у сціпласці, у адданасці любімай справе, у мацярынскай і жаночай годнасці, у гаспадарлівасці і мудрасці. Немагчыма ацаніць тое, што робіць яна для Дома культуры, для калектыву, для людзей! Безадказная, памяркоўная, пазітыўная. Яна — унікальная скарбонка ідэй, задумак, уладальніца залатых рук, носьбіт дабрэйшага сэрца. Яна — з ліку людзей, якіх нельга замяніць.» Ад сябе дабаўлю: «Дзякуй Вам, Марыя Пятроўна, за Вашы жыццястойкасць, светласць душы, неўтаймаванасць, якія даюць права сказаць: » Пасля 60 жыццё толькі пачынаецца…»

З ДАСЬЕ «ПОЛЫМЯ»
Нарадзілася Марыя Пятроўна ў 1941 годзе ў в. Даўгінава, што ў пяці кіламетрах ад Ярэміч, у простай сялянскай сям’і, дзе гадавалася шасцёра дзетак: трое сыноў і тры дачушкі. Тата, здатны сталяр, прападаў у рабоце, мама, майстрыха на ўсе рукі, рупілася па гаспадарцы, гадавала дзетак, якія раслі дружнымі, працалюбівымі, здольнымі, галоўнымі памочнікамі для бацькоў, умелі выконваць любую сялянскую работу. Перажылі ваеннае ліхалецце, тата пайшоў на фронт, матуля круцілася, як магла.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Аксаны ЯНУШ і з архіва «Полымя»

Добавить комментарий