Уборка сахарной свеклы, внесение органики и пахота. На полях сельхозпредприятий Кореличчины продолжаются осенние работы

? На палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліччыны працягваюцца асеннія работы. З надыходам апошняга месяца восені працы, безумоўна, становіцца значна менш, але аграрыі раёна прывыклі даводзіць усё распачатае да завяршальнай кропкі. Пакуль не выкапаны апошні гектар цукровых буракоў і не ўзараны апошні кавалак зямлі, паслабляцца рана.

? Усімі гаспадаркамі раёна ўжо скончана ўборка кукурузы: большую частку, а менавіта 4208 га, здрабнілі на сілас, астатнюю ў колькасці 1254 га – абмалацілі на зярно. Таму сёння можна смела гаварыць аб канчатковых выніках кукурузнай гісторыі Карэліччыны, якая сёлета завяршылася значна раней леташняй. Валавы збор сіласу склаў крыху больш за 150 тысяч тон пры сярэднераённай ураджайнасці 357 ц/га. У тройцы лідараў — ДП “Лукі-Агра”, ДП “Племзавод “Карэлічы” і СВК “Маяк-Заполле”. Гаспадаркамі раёна намалочана 16025 тон залатых зярнят, што стане добрым дадаткам да ўраджаю збожжавых, якія з-за ўмоў надвор’я не далі чакаемага выніку. Найвышэйшай сёлетняй ураджайнасцю кукурузы на зерне могуць пахваліцца ДП “Чарняхоўскі-Агра”, ДП “Лукі-Агра” і СВК “Жухавічы”, дзе сабралі 155 ц/га, 146 ц/га і 142 ц/га адпаведна.

? Гаспадаркі раёна працягваюць збіраць ураджай цукровых буракоў. Па стану на раніцу 30 кастрычніка ўбрана 2781 га салодкіх карэнняў, з якіх накапана 160260 тон пры сярэднераённай ураджайнасці 576 ц/га. На Гарадзейскі цукровы камбінат вывезена — амаль 111 тысяч тон. Яшчэ каля 49 тысяч тон знаходзяцца ў буртах, якія размяшчаюцца на палях раёна. Паўнапраўным лідарам салодкага сезона бягучага года з’яўляецца СВК “Свіцязянка-2003”, дзе з 470 га накапана крыху больш за 37 тысяч тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 790 ц/га. Другую і трэцюю прыступкі ўраджайнага п’едэсталу займаюць СВК “Маяк-Заполле” і ДП “Племзавод “Карэлічы”, дзе з кожнага гектара збіраюць 639 і 620 цэнтнераў адпаведна.

? Аграрыі Карэліччыны працягваюць зяблевую апрацоўку глебы. Па стану на 30 кастрычніка ўзарана прыкладна 11300 га, што складае 64% ад плану ў 17 тысяч 500 га.

? Яшчэ адной асенняй працай, якая не спыняецца на палях раёна, з’яўляецца ўнясенне арганічных угнаенняў. Гаспадаркамі раёна нарыхтавана 160 тысяч тон арганікі, з якіх вывезена амаль 141 тысяча і 88% ад гэтай лічбы, альбо прыкладна 102 тысячы, унесена ў глебу.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий