За три года тренерской работы Татьяна Якимович из Райцы вырастила чемпионов по спортивной ходьбе

Настаўнік фізічнай культуры Райцаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Таццяна Станіславаўна Якімовіч на пасадзе трэнера-выкладчыка па сумяшчальніцтве па лёгкай атлетыцы Карэліцкай ДЮСШ з 2015 года. Але яна ўжо паспела ўпэўненай спартыўнай, а апошім часам і скандынаўскай, хадзьбой давесці шэраг сваіх выхаванцаў да вялікіх перамог.

🏆 – Наш трэнер строгі, але якраз гэта і дапамагае нам паказваць добрыя вынікі на спаборніцтвах, – дзеліцца вучаніца 4 класа Райцаўскай сярэдняй школы Дар’я Космач, якая хоць і займаецца спартыўнай хадзьбой толькі другі год, але на ўзроўні вобласці ўжо мае ўзнагароды. – Гэта незабыўна – быць у ліку пераможцаў!

🏆 – Так, памятаю, усе на школьнай лінейцы стаялі з медалямі, і мне таксама захацелася атрымаць свой, – далучаецца да размовы вучань 6 класа і сярэбраны прызёр міжнародных спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе памяці П. Пачынчука Уладзіслаў Субач. – І вось ужо трэці год я хаджу на трэніроўкі да Таццяны Станіславаўны. Мая сястра займаецца тут у Райцы цяжкай атлетыкай у Дзмітрыя Аляксандравіча Бязмена, але мне больш падабаецца лёгкая. І трэнер у нас класны!

🏆 – Сапраўды, Таццяна Станіславаўна прывучае нас быць дысцыплінаванымі, – дадае вучань 3 класа Данііл Уласевіч. – Трапіць да яе ў каманду была мая мара. Я ўжо раней падыходзіў да яе і прасіўся трэніравацца, але Таццяна Станіславаўна сказала падрасці. І вось гэта мой першы год заняткаў з ёй спартыўнай хадзьбой. Пасля трэніровак і спаборніцтваў ногі вельмі баляць, але я абавязкова буду працягваць займацца!

🏆 – І я таксама! Дарэчы, я тут ужо другі год, – падыходзіць да нас вучаніца 3 класа Арына Сіроціна. – Памятаю, як толькі паспрабавала спартыўную хадзьбу, мне так спадабалася! Я вельмі люблю выступаць на спаборніцтвах і, безумоўна, нашага трэнера і абавязкова буду перамагаць, як мая старэйшая сястра Паліна.

🏆 – Паліна і Арына – гэта мае пляменніцы. Дзяўчаткі, можна сказаць, працягваюць нашу з сястрой сямейную традыцыю заняткаў спартыўнай хадзьбой, – правёўшы дзетак на ўрок, нарэшце трымае слова і сама Таццяна Станіславаўна. – Наогул, з Паліны і яе аднакласнікаў і пачалася мая трэнерская гісторыя. Зараз дзяўчынцы 13 год, а яна ўжо пераможца абласной спартакіяды школьнікаў, цяпер на зборах у Гродна. Дарэчы, яе сяброўка, вучаніца 8 класа і таксама мая выхаванка, Дар’я Аляшкевіч на той жа спартакіядзе стала сярэбраным прызёрам.

– Выдатныя вынікі! У вас усе тут – чэмпіёны? – здзіўляюся я.

🏆 – Безумоўна! Нездарма Райцаўская школа мае пераможны кубак у абласным конкурсе “Самая спартыўная школа!”, – усміхаецца суразмоўца. – Але калі казаць сур’ёзна, то спартыўная хадзьба вельмі няпросты і тэхнічны від лёгкай атлетыкі, які патрабуе вялікай вынослівасці. І, напрыклад, з 10 чалавек толькі 2-3, у рэшце рэшт, здольныя дасягнуць значных поспехаў. Так з майго першага набору засталіся на дадзены момант узгаданыя вышэй Паліна і Дар’я ды яшчэ Лізавета Яўцеева. Таму ў адносінах да дзяцей патрэбна моцная матывацыя, жалезная дысцыпліна і пастаянныя трэніроўкі. Мы сустракаемся з імі 3 разы на тыдзень, займаемся ў залежнасці ад надвор’я на стадыёне альбо ў спартыўнай зале. Нарматыў малодшай групы (8-10 гадоў) – 3-5 кіламетраў за трэніроўку, старэйшыя (10-14 гадоў) могуць адолець дзесьці 10-15 кіламетраў. Гэта цяжка, але дзеці хутка ўцягваюцца ў працэс, нават самі прыходзяць у настаўніцкую і клічуць займацца.

– Улічваючы, што вы яшчэ і вядзеце ўрокі фізкультуры, то з такім графікам вы практычна жывеце ў школе?

🏆 – Так, пасля 15 гадоў выкладання, можна ўжо ўпэўнена сказаць, што спорт – справа ўсяго майго жыцця, – пагаджаецца Таццяна Станіславаўна. – Хаця з ім мяне звязаў лёс значна раней – падчас вучобы ў школе ў роднай вёсцы Валеўка. Там нас з сястрой прыкмеціў трэнер Іван Міхайлавіч Стома і зрабіў усё, каб мы загарэліся спартыўнай хадзьбой. Я аднойчы цяперашнім выхаванцам прыносіла свае дзіцячыя і юнацкія ўзнагароды, і для многіх дзяцей гэта стала дадатковым стымулам рухацца наперад і імкнуцца да большага. І я добра разумею такі спартыўны запал, бо калісьці менавіта ён прывёў мяне на факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І з гадамі гэты агонь унутры не згасае, а толькі мацнее. Яго я адчувала і ў перыяд працы ў Міратыцкай базавай школе, і цяпер у Райцы, і вось ужо 3 гады на трэнерскай пасадзе. Да таго ж, апроч спартыўнай хадзьбы мы зараз актыўна асвойваем і скандынаўскую. Наша Вікторыя Савоська заняла 2 месца ў вобласці па гэтай дысцыпліне. І, вядома, усёй нашай дружнай і таленавітай камандай мы рухаемся наперад да мары – стаць лепшымі ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.