Заслуженный учитель БССР Ирина Данилевич: «Секрет счастья — в уважении людей»

«Сакрэт шчасця — у людской павазе», — сцвярджае Ірына Паўлаўна ДАНІЛЕВІЧ з аграгарадка Райца.

? — Ірына Паўлаўна, што азначала менавіта для Вас праца настаўніка?

— Мае цёця Ганна і дзядзя Іосіф былі настаўнікамі, і я па сутнасці жыла і выхоўвалася ў сям’і настаўнікаў, у нашай вёсцы не было школы. Самае галоўнае ў прафесіі настаўніка — жаданне вучыць дзяцей. Мой муж Вячаслаў таксама быў педагогам, і мы ўсе сілы, старанне, веды аддавалі вучням. Сёння яны вельмі ўдзячныя за ўрокі: прыязджаюць, тэлефануюць, віншуюць са святамі. Гэта прыдае сіл і жадання жыць.

? — А якую сувязь падтрымліваеце з мясцовай школай зараз?

— Хочацца падзякаваць Таццяне Віктараўне Шышкір, педагогу-арганізатару навучальнай установы, якая арганізавала атрад валанцёраў. Яны аказваюць неабходную дапамогу пажылым людзям, а таксама словы прызнання адрасаваць новаму дырэктару школы Пятру Міхайлавічу Буляку, які неабыякавы да нашых просьбаў.

? — Хто, акрамя дзяўчынак і хлопчыкаў, упрыгожвае Вашы будні?

— Мне пашанцавала на добрых суседзяў. Імі аказалася сям’я Манкевіч, былыя калегі-настаўнікі Міхаіл Міхайлавіч і Лідзія Іванаўна, аказваюць дапамогу па доме і на агародзе. Тэлефануюць настаўнікі мясцовай школы, мае былыя вучні, якія стараюцца падтрымаць словам і справай.

Хочацца ўспомніць добрым словам і маіх пляменніц Наталлю і Ірыну, іх увагу, клопат, дапамогу. Я адчуваю пастаянную падтрымку маіх родных сясцёр Раісы, Зінаіды, Соф’і. Дзякуючы ім, не адчуваю адзіноты, тэлефануюць штодзённа і часта наведваюць.

? — А ці наведваюць прадстаўнікі раённых службаў?

— Бываюць у мяне прадстаўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і адпаведных камісій па абследаванні жыллёва-бытавых умоў. Вось толькі хачу зазначыць, што ў паслугах сацыяльнага работніка не маю патрэбы, бо ёсць надзейныя суседзі і блізкія сваякі.

? — Відавочна, што ў сталым узросце здароўе іншы раз нагадвае пра сябе. Ці задавальняе Вас праца мясцовых медыкаў?

— Лічу, што жыхарам аграгарадка Райца і навакольных вёсак пашанцавала не толькі на прыгожыя краявіды, якія з’яўляюцца добрымі лекарамі для душы, але і мясцовых медыцынскіх работнікаў. Загадчык Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Мікалай Іванавіч Клімко і ўрач-тэрапеўт Марына Анатольеўна Клімко — прафесіяналы ад Бога. Яны ўважлівыя да людзей і аказваць своечасовую медыцынскую дапамогу.

? — Чым бавіце свой вольны час, якога на заслужаным адпачынку шмат?

— Люблю чытаць мастацкую літаратуру, выпісваю газеты і часопісы. З нецярплівасцю чакаю свежы нумар раённай газеты «Полымя». Раёнка мяне задавальняе, бо ў ёй шмат цікавых навін. Асабліва кранаюць артыкулы пра поспехі СВК «Свіцязянка-2003» і яе працаўнікоў. Хочацца парадавацца за тых, хто жыве і працуе на роднай зямлі.

? — Вы любіце кветкі?

— Так. Мне часта дораць кветкі. Любіла заўсёды цюльпаны, півоні, вяргіні. Кветкі для настаўніка — радасць і прыгажосць, якія напаўняюць душу.

? — А якая пара года найбольш прываблівае?

— Вясна, калі ўсё распускаецца і зелянее. У маладосці школу абсаджвалі маладымі каштанамі і дубамі, кожны выпускны клас садзіў сваю алею. Пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Міхаіла Міхайлавіча Манкевіча абсадзілі стадыён рознымі дрэвамі, некаторыя сёння яшчэ растуць і ўпрыгожваюць наваколле. Асаблівая прыгажосць адчуваецца менавіта вясной — у самую цудоўную пару года.

? — Што параіце тым, хто збіраецца на пенсію?

— Не сядзець на месцы і працягваць зносіны з людзьмі. У мяне ўвага і дапамога — ад вучняў, суседзяў, родных. Люблю вырошчваць агародніну. Лічу, што трэба працаваць на зямлі, гэта карысна для здароўя. Трэба шмат рухацца, рух — гэта жыццё.

? — У чым сакрэт Вашага шчасця?

— Ва ўдзячнасці вучняў. Іх увага дапамагае жыць, верыць, любіць жыццё, нягледзячы на яго складанасці і на сталыя гады. Я ім вельмі ўдзячна за ўвагу і падтрымку.

З АЎТАБІЯГРАФІІ
Ірына Паўлаўна Данілевіч нарадзілася ў 1932 годзе ў вёсцы Голевічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1954 годзе закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.
З 1954 па 1991 год працавала ў Райцаўскай сярэдняй школе.
У 1968 годзе прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ

Добавить комментарий