20 лет назад в Кореличах появилась первая в Беларуси электронная телефонная станция «Неман»

Карэліччына мае багатую гісторыю, славіцца сваімі дасягненнямі, працавітымі людзьмі. Ва ўсе часы яе жыхары жылі годна, усё рабілі дзеля дабрабыту краю, імкнуліся ісці ў нагу з часам. У гэтым вялікая роля належала і паслугам электрасувязі: зносіны паміж суб’ектамі гаспадарання і людзьмі рабілі будні больш насычанымі і яскравымі.

Сёння сваімі ўспамінамі дзеліцца ветэран працы, былы начальнік Карэліцкага раённага вузла элекрасувязі, майстар сувязі Беларусі, жыхар райцэнтра Мікалай Мікалаевіч ТРОСКА:

— У лістападзе 1998 года ў Карэлічах была зманціравана і здадзена ў эксплуатацыю першая ў Беларусі эксперыментальная электронна-лічбавая станцыя «Неман» на 3000 нумароў з перспектывай развіцця да 5000 нумароў.

На прэзентацыі з выпадку запуску новай АТС прысутнічаў Міністр сувязі Уладзімір Ганчарэнка і губернатар Гродзенскай вобласці Аляксандр Дубко (дарэчы, менавіта па яго просьбе станцыя атрымала назву «Неман»).

Пачалося ўкараненне новага сучаснага абсталявання сувязі ў сельскай мясцовасці. Была ўстаноўлена першая эксперыментальная электронна-лічбавая станцыя на 500 нумароў у Луках. У гэтым жа годзе з’явілася станцыя «Бэта» на 480 нумароў з перспектывай развіцця да 760 нумароў у Турцы. У наступныя гады новыя тэлефонныя станцыі былі ўстаноўлены ў Ярэмічах, Цырыне, Красным, Аюцавічах, Райцы. Амаль усе, хто хацеў устанавіць тэлефон, змог гэта зрабіць.

У Гродзенскім філіяле РУП «Белтэлекам» расказалі пра сённяшнія паслугі электрасувязістаў:

—»Белтэлекам», самы буйны аператар электрасувязі ў Беларусі, прадастаўляе розныя тэлекамунікацыйныя сэрвісы: паслугі тэлефаніі, перадачы дадзеных, лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання і іншыя. Жыхарам Карэліцкага раёна даступныя сучасныя паслугі электрасувязі: паслуга «Разумны дом», лічбавае інтэрактыўнае ТБ «ZALA», высокахуткасны доступ у інтэрнэт, бесправадны доступ у інтэрнэт WI-FІ.

Бясспрэчна, многія з нас сёння могуць карыстацца сучаснымі паслугамі электрасувязі і мабільнымі тэлефонамі, але мы па праву можам ганарыцца тым, што былі першымі ў краіне, хто атрымаў электронную тэлефонную станцыю.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ