Кореличчанин Алексей Алфёров стал стипендиатом Президентского спортивного клуба

? У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі прайшла цырымонія ўручэння пасведчанняў 253 перспектыўным спартсменам і трэнерам, якія былі вызначаны цэнтральным саветам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба для атрымання імянных стыпендый у 2019 годзе. Сярод узнагароджаных – карэліччанін Аляксей Алфёраў.

Атрыманню стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба папярэднічала бліскучае выступленне Аляксея на Чэмпіянаце свету па боксе сярод моладзі. У вагавай катэгорыі да 81 кг карэліччанін заваяваў бронзавы медаль сусветнага першынства, што стала лепшым асабістым дасягненнем спартсмена.

Пачыналася ўзыходжанне карэліцкага юнака на спартыўны Алімп з трэніровак па боксе ў СШ №1 г.п. Карэлічы, куды яшчэ ў пачатковай школе Лёшу прывялі бацькі. Першым трэнерам хлопца стаў Іван Уладзіміравіч Дзёмушкін, які змог разглядзець спартыўны патэнцыял будучага пераможцы сусветных спаборніцтваў.

– Іван Уладзіміравіч змог зацікавіць Лёшу трэніроўкамі, чым накіраваў яго дзіцячую энергію, якой было больш чым дастаткова, у правільнае рэчышча, – расказвае маці прызёра Кацярына Алфёрава. – Безумоўна, сынам ганарымся. Такіх вынікаў мы не чакалі, але Аляксей накіраваны толькі на поспех і з поўнай аддачай працуе на кожнай трэніроўцы.

Аксана ЯНУШ
Фота з сямейнага архіва Алфёравых і Аксаны МАНЧУК