Мастера Кореличского Дома ремесел возрождают традиционный народный строй (фото)

Карэліччына сустракае зіму – у бялюткім убранні, распісаным чорным атрамантам сілуэтамі дрэў і чырвонымі акварэлямі рабінавых гронак. Гэты паэтычны вобраз надзвычай блізкі па фарбах да навагрудскага строя – традыцыйнага комплексу беларускага народнага адзення на Панямонні ў XIX–пачатку XX стагоддзя, у тым ліку і ў нашым раёне. І так радасна, што сёлета майстры Карэліцкага Дома рамёстваў па матывах старадаўняга адзення нашых продкаў стварылі мужчынскі і жаночы гарнітуры.

Паўгода ўдумлівага вывучэння літаратуры і руплівай працы спатрэбілася супрацоўнікам Дома рамёстваў, каб матэрыяльная гісторыя нашай зямлі ажыла ў выглядзе адноўленага строю. Яго пашывам займаліся Юлія Баярэнка і Алена Дзежыц, а вышыўкай – Вольга Крышань. За аснову майстры ўзялі варыянты адзення з экспазіцыі нашага краязнаўчага музея, але дадалі ў вобразы сваё бачанне.

Мужчынскі і жаночы касцюмы. Карэліцкі Дом рамёстваў

Так, мужчынская і жаночая кашулі па арнаменту і сілуэту аналагічныя музейным, нагавіцы і спадніца таксама выкананы ў падобным стылі, але з іншай тканіны — пераважна з ільняной, а не з тканага палатна хатняй воўны. Мужчынскія аксесуары – пояс ручной працы са спалучэннем рознакаляровых нітак і саламяны капялюш – таксама ў многім паўтараюць экспанаты музея.

Вышыўка на мужчынскай і жаночай кашулях. Карэліцкі Дом рамёстваў

Жаночая і мужчынская кашулі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Саламяны капялюш, пояс. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Жаночы гарнітур Дома рамёстваў мае больш асаблівасцей. У якасці галаўнога ўбора тут узнавілі апаяску, якую раней насілі незамужнія дзяўчыны, а аздобілі яе вышыванымі ружамі – сімваламі прыгажосці і кахання.

Вышыўка на фартуху і апаясцы. Карэліцкі Дом рамёстваў

Цікавае месца ў жаночым касцюме займае фартух. У музеі вы ўбачыце яго варыянт, дзе гарманічна паядналіся ручная вышыўка і заводскія карункі, раслінны і геаметрычны арнамент. Больш таго, на прадстаўленым вырабе нават такі нечаканы элемент, як зорка Давіда, выглядае натуральна і служыць напамінам для нашчадкаў пра тое, што гісторыя Карэліч цесна звязана з жыццём яўрэяў. У сваю чаргу фартух у Доме рамёстваў – гэта санет сімвалаў беларускага арнаменту, у працу над якім Вольга Крышань уклала цеплыню сэрца і самыя светлыя пачуцці. Для вышыўкі чырвонымі і чорнымі ніткамі яна абрала сімвалы малой радзімы, зерня, продкаў (памяці, роду), чалавека (народа, краіны), моцнай сям’і, дзіцяці і абярэга.

Фартух. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Вышыўка на фартуху. Карэліцкі Дом рамёстваў

Адноўлены строй у Год малой радзімы – выдатны падарунак майстроў роднай зямлі. Бо гэта прыгажосць, якая радуе вока, абуджае гісторыю і цешыць беларускую душу.

Мужчынскі і жаночы касцюмы. Карэліцкі Дом рамёстваў

Мужчынскі і жаночы касцюмы. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Касцюм навучэнкі Беражэнскай сельскагаспадарчай школы. Жаночы палатняны касцюм 1930-х гадоў. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара (мадэлі: Вікторыя Ланеўская і Міхаіл Башко)

Добавить комментарий