На Главную ёлку страны — за сказкой! Кореличчанки Милиса Манкевич и Ксения Матыщик готовы к большому празднику во Дворце Республики

? Сотні радасных і прыгожа ўбраных дзетак з розных куткоў Беларусі запросіць 27 снежня ў Палац Рэспублікі на казачнае прадстаўленне Галоўная ёлка краіны з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. З нецярпеннем чакаюць свята і маленькія карэліччанкі Ксенія Матышчык і Міліса Манкевіч.

? Завітаўшы ў сярэднюю школу №2 райцэнтра, мы доўга шукаем надзвычай актыўную і энергічную вучаніцу 5 класа Мілісу Манкевіч. Хтосьці толькі што бачыў дзяўчынку на занятку, іншыя кажуць, што яна зараз выконвае нейкае важнае даручэнне. Нарэшце, мы яе знаходзім, як і належыць выдатніцы вучобы, у бібліятэцы. Міліса ўзрушана навіной, што едзе на Галоўную ёлку краіны.

Шчаслівым квітком туды сталі прызавыя месцы ў рэспубліканскім фотаконкурсе “Зямля пад белымі крыламі” ў намінацыях “Асоба і пакаленні” і “Спадчына”.

А пачыналася ўсё з гуртка “Стоп-Кадр” пад мудрым кіраўніцтвам першай настаўніцы Мілісы Ларысы Шуглі. Вось і падчас размовы любімы педагог стаіць побач і з гонарам расказвае пра Мілісу, як яркага, добрасумленнага, адказнага, артыстычнага і таленавітага чалавека.

Аказваецца, дзяўчынка не толькі адораны фатограф. Яна з задавальненнем наведвае гурткі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і цікавіцца танцамі, тэатрам і рукадзеллем. Да таго ж, Міліса любіць спорт, асабліва – гандбол, прадстаўляе наш раён на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

Нядзіўна, што для сталічнага Дзеда Мароза дзяўчынка рыхтуе асаблівы творчы нумар, дзе яна ў вобразе рамантычнай прынцэсы выканае песню ды яшчэ станцуе.

? У Лукскай сярэдняй школе сямікласніца Ксенія Матышчык сустракае нас у Пакоі Баявой Славы ў форме ўдзельніка ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”. З першых хвілінаў размовы становіцца зразумела, што перад намі сур’ёзная, мэтанакіраваная і эрудзіраваная асоба з цвёрдым характарам. Менавіта гэтыя якасці дапамаглі Ксеніі ўвайсці ў склад каманды-прызёра абласнога і рэспубліканскага этапаў гульні “Зарніца”. Пад кіраўніцтвам педагога Уладзіміра Матусевіча ў складзе лукскіх “віцязяў” дзяўчынка ўжо чацвёрты год авалодвае ваеннай навукай і дэманструе не горшыя за хлопцаў вынікі.

Пры гэтым яна выдатна вучыцца і лічыць, што кожны школьны прадмет будзе любімым, калі знайсці ў ім нешта асаблівае і цікавае. Наконт будучай прафесіі Ксенія яшчэ не загадвае, але ўжо ёсць планы стаць перакладчыкам з англійскай мовы альбо псіхолагам для жывёл. А пакуль вучобу і ваенна-патрыятычную дзейнасць дзяўчынка паспяхова спалучае са спортам, маляваннем драконаў, вязаннем і чытаннем фантастыкі і навукова-папулярнай літаратуры.

А яшчэ Ксенія вельмі любіць навагоднія святы, таму запрашэнне на Галоўную ёлку краіны стала для яе адным з самых дзівосных падарункаў. На зімовы баль у Палац Рэспублікі юная “віцязянка” марыць паехаць у вобразе супер-дзяўчынкі і на вуха сталічнаму Дзеду Марозу шапнуць пажаданне, каб ва ўсіх на свеце ў надыходзячым годзе здзейсніліся запаветныя мары, кожны дасягнуў сваіх мэтаў і людзі сустрэлі святы ў атачэнні блізкіх і любімых у міры, шчасці і радасці.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, Ларысы ШУГЛІ і Мілісы МАНКЕВІЧ