Новогоднее поздравление председателя Кореличского райисполкома Виктора Шайбака

Навагодняе віншаванне
старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта
Віктара ШАЙБАКА

Паважаныя жыхары раёна!
Дарагія сябры!

Заканчваецца 2018 год, яго час вядзе свой адлік ужо на дні, і зусім хутка ён стане гісторыяй. Адыходзячы год быў напружаным і складаным, але разам з тым вельмі значным і адказным.

Для нашага раёна 2018 год стаў плённым, насычаным стваральнай працай і творчымі дасягненнямі. Нам практычна ўдалося рэалізаваць усе намечаныя планы, забяспечыць выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў па ўсіх галінах дзейнасці.

Стабільна працавалі прадпрыемствы сельскай гаспадаркі і прамысловасці, гандлю і паслуг, калектывы энергетыкаў і дарожнікаў, установы адукацыі, культуры і аховы здароўя, аддзелы ўнутраных спраў і надзвычайных сітуацый.

Наш раён у чарговы раз увайшоў у тройку мацнейшых раёнаў Гродзенскай вобласці на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Мы з’яўляемся лідарамі на Гродзеншчыне па ўраджайнасці рапсу. Наш раён уваходзіць у дваццатку мацнейшых раёнаў Беларусі па вытворчасці малака і мяса. Надой на адну карову з пачатку года склаў 6030 кг малака.

СВК «Свіцязянка-2003» у чацвёрты раз занесены на Рэспубліканскую Дошку пашаны за дасягненне высокіх эканамічных паказчыкаў. Уведзена ў строй новая малочна-таварная ферма «Райца-1» на 610 галоў дойнага статка.

Гэты год стаў знакавым для жыхароў пасёлка Мір, які ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму па добраўпарадкаванні. У старажытным мястэчку рэканструяваны вуліцы і вулічнае асвятленне, абноўленыя фасады будынкаў, паглыблена рэчышча ракі Міранка. Дзякуючы выдзеленым сродкам у Міры палепшыцца водазабеспячэнне.

Не перастаюць радаваць сваімі поспехамі вучні і навучэнцы Карэліччыны. Так, члены клуба «Віцязь», які дзейнічае пры Лукскай сярэдняй школе, сталі ўладальнікамі трэцяга месца ў фінале рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». Нашы рабяты ўдастойваліся стыпендый абласной прэміі імя Аляксандра Дубко і Фонду міру.

Сфера культуры таксама дорыць нашай зямлі нямала перамог, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Так, у гэтым годзе карэліччане заваявалі Гран-пры 17-га Міжнароднага маладзёжнага фестывалю сярод гарадоў-пабрацімаў «Новы свет» у горадзе Краснагорску. Ганна Кузьміч стала лаўрэатам трэцяй ступені на Міжнародным фестывалі мастацтваў BYFEST.

Пераможцам штогадовага абласнога агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод урачэбных амбулаторый стала Турэцкая амбулаторыя. У гэтым годзе на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы пачата будаўніцтва аддзялення гемадыялізу, якое будзе здадзена ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Будуць працягнуты рамонтныя работы ў Карэліцкай раённай паліклініцы.

Кожны пражыты дзень адыходзячага года быў адзначаны працай і стараннем нашых людзей. Таму хачу сказаць словы вялікай удзячнасці ўсім працаўнікам раёна за плённую і добрасумленную працу на карысць карэліцкай зямлі і нашай Беларусі.

Я ўпэўнены, што 2019 год падорыць нам годныя перамогі, новыя дасягненні і адкрыцці, якія атрымаюць свой працяг у гераічным летапісе Карэліччыны. Уступаючы ў новы год з напрацаваным патэнцыялам, мы верым у свае сілы і ў тое, што з пастаўленымі планамі і задачамі мы паспяхова справімся.

Напярэдадні навагодніх святаў хочацца сказаць словы ўдзячнасці ветэранам вайны і працы за адвагу, працу і магчымасць нашым дзецям і ўнукам жыць у згодзе і міры.

Мы рады сустракаць на нашай карэліцкай зямлі маладых спецыялістаў усіх сфер народнай гаспадаркі і дзяліцца з імі назапашаным вопытам. Радуе тое, што для многіх з іх Карэліччына становіцца другой маленькай радзімай.

Паважаныя карэліччане!

Сардэчна віншую вас з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым! Скажам вялікі дзякуй адыходзячаму году за ўсё добрае, што было ў ім, напоўнім сэрцы дабром, святлом, любоўю і зробім упэўнены крок у новы 2019 год. Хай ён прынясе ўсім нам, беларусам, бліскучыя пачынанні і здзяйсненні, новыя сілы і імклівыя поспехі, мір і росквіт. Жадаю вам ніколі не збочваць з абранага шляху, дасягаць пастаўленых мэтаў, атрымліваць няпростыя, але ад таго яшчэ больш жаданыя перамогі!

Здароўя, дабрабыту і ўсяго самага добрага вам і вашым блізкім, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

З НОВЫМ 2019 ГОДАМ ВАС, ДАРАГІЯ СЯБРЫ!