Познакомиться с творческими работами молодых людей с инвалидностью можно в Центре социального обслуживания населения

З 28 лістапада ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна працуе выстава работ маладых людзей з інваліднасцю.


Маладыя і таленавітыя, яны запэўніваюць кожнага ў прыгажосці нашага свету. Напрыклад, Аксана Хвасько з Карэліч ужо на працягу трох гадоў не ўяўляе сваё жыццё без вышыўкі, шыцця і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва.

– Ведаеце, нешта я магу зрабіць за адзін вечар, як, напрыклад, гэтую елачку, а нешта патрабуе значна больш часу, – расказвае маладая жанчына. – Першай маёй работай быў ручнік, які я вышывала гладдзю каля двух тыдняў. Часта атрымліваецца так, што родныя просяць мяне падараваць ім нешта, і я раблю гэта з вялікаю ахвотай і задавальненнем (усміхаецца).

Маладыя інваліды з’яўляюцца наведвальнікамі гуртка “Чараўніца”, у рамках якога яны і развіваюць свае творчыя магчымасці.

Ураджэнка вёскі Пясочная Анастасія Азаданава таксама валодае асаблівым талентам. Маладая жанчына ўзгадвае, што ў яе сям’і добра вязалі мама і бабуля, што дае падставу лічыць творчыя магчымасці жанчыны невыпадковымі.

– Галоўнае ў гэтай справе – наяўнасць вольнага часу. Я бяруся за спіцы адразу, як выпадае вольная часіна. Купляю спецыялізаваныя часопісы са схемамі і займаюся тым, што вельмі люблю, – дзеліцца майстрыха.

Даведка “Полымя”

На 1 кастрычніка 2018 года ў Карэліцкім раёне пражывае 74 маладых людзей з інваліднасцю.

Вікторыя КАСЦЮК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий