Пункт погляду журналіста: Што забяром з сабою ў Новы год?

🎄 Вось яшчэ адзін год на зыходзе. Год, які прынёс шмат розных падзей: мы радаваліся і засмучаліся, ставілі мэты і дасягалі іх, кахалі і былі каханымі. Адным словам, жылі поўным жыццём.

❄ У новы год хочацца забраць самае лепшае і знайсці тое, што б радавала душу. Асноўным была і застанецца праца: яна — і сродак для існавання, і занятак для душы. Мы спаўна аддаём сябе ёй, у працы бачым сэнс свайго жыцця.

❄ Хочацца, каб усё ладзілася і ў нашых сем’ях. Каб яны былі моцнымі і дружнымі, каб утульным і цёплым быў дом — прыстань, куды штодзённа спяшаемся пасля працоўнага дня, каб камфортна было дзецям, яны — наша радасць і надзея.

❄ Трэба заставацца вернымі Радзіме. Роднаму куточку, дзе нарадзіліся і выраслі, адкуль накіраваліся ў вялікае жыццё. Менавіта да бацькоўскага парога трэба вяртацца не толькі ў думках, але і наяве, якім бы далёкім ні быў шлях і як бы ні былі мы заняты сваімі справамі.

❄ Мы будзем прадаўжаць шанаваць нашу святыню — Хлеб. Адносіны да Яго Вялікасці павінны быць самымі паважлівымі. І тое, што кожны дзень ён на стале, заслуга многіх людзей — ад хлебароба да пекара. Неабходна заставацца адданым зямлі, якая поіць і корміць, у якой з маленькага зярняці вырастае буйны колас. Кожны год зямля-матухна аддзячвае вяскоўцаў за шчырую працу сваімі дарамі.

❄ Марыцца, што ў новым годзе будуць побач сябры. У асаблівасці, даўнія і надзейныя, якія ніколі не падвядуць і абавязкова падтрымаюць у жыцці. На іх можна пакласціся ў нялёгкую хвіліну — і часовыя цяжкасці будуць пераадольвацца, а жыццё не будзе здавацца такім азмрочаным.

❄ У кожнага з нас ёсць сваё, што хацелася б узяць з сабою ў новы год. І калі многія з нас да жаданага возьмуць дабрыню, то свет павінен стаць святлейшым і лепшым. Менш будзе ў ім раўнадушша і чэрствасці, якія, на жаль, яшчэ сустракаюцца ў нашым вірлівым жыцці. Калі мы жадаем, каб адносіны людзей да нас былі шчырымі і нас любілі, то самі таксама павінны імкнуцца праяўляць спагадлівасць да іншых.

❄ Новы год — гэта надзея. Дык няхай споўніцца ўсё задуманае, і 2019 год прынясе толькі добрыя навіны ў нашы дамы і праца падорыць нам вялікую радасць. Няхай надыходзячы год будзе самым шчаслівым у нашым жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА