Со знаком качества. Сельхозтехника в хозяйствах Кореличчины поставлена на зимнее хранение

Пастаноўка камбайнаў, пасяўной і землеапрацоўчай тэхнікі на зімовае захоўванне – справа адказная, ад якой напрамую залежыць ураджай будучага года. Гэта добра разумеюць спецыялісты інжынернай службы Карэліччыны, якія з поўнай адказнасцю падрыхтаваліся да раённага семінара-агляду сельскагаспадарчай тэхнікі і рамонтна-абслугоўваючых баз гаспадарак раёна, што адбыўся напрыканцы мінулага тыдня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Віктара Леанідавіча Шайбака.

Не сакрэт, што машынны двор – твар любога сельгаспрадпрыемства, які адлюстроўвае як фінансавае становішча гаспадаркі, так і адказнае стаўленне да працы механізатараў. Менавіта таму спецыялісты аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі, кіраўнікі, галоўныя інжынеры і галоўныя аграномы дзесяці гаспадарак раёна наведалі машынныя двары і мехмайстэрні СВК “Маяк-Заполле”, ДП “Племзавод “Карэлічы”, СВК “Свіцязянка-2003”, ДП “Цырын-Агра”, СВК “Жухавічы”, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, ДП “Царука», КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, КСУП “Лукі-Агра”, ДП “Малюшычы”, а таксама машынны двор ААТ “Карэлічы-Лён”, дзе змаглі ацаніць арганізацыю работы па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне, матэрыяльна-тэхнічную базу кожнай гаспадаркі, а таксама ўмовы працы механізатараў. Такім чынам атрымаўся своеасаблівы абмен вопытам паміж сельгаспрадпрыемствамі раёна.

– Ад правільнай пастаноўкі тэхнікі на працяглае захоўванне, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзяржаўнага стандарта, залежыць яе якасны і своечасовы рамонт, – адзначае вядучы спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Мікалай Сяргеевіч Гавіна. – Уся тэхніка вычышчаецца, прасушваецца, фарбуецца і аднаўляецца. Пажадана, каб усе сельскагаспадарчыя машыны і агрэгаты захоўваліся ў зачыненых памяшканнях, што дазваляе мінімізаваць уздзеянне такіх знешніх фактараў, як снег і дождж. Безумоўна, тэхніка можа захоўвацца і пад паветкамі, а таксама на адкрытых пляцоўках. У апошнім выпадку шыны сельгасмашын і агрэгатаў павінны быць пафарбаваны ў белы колер, каб абараніць гумавае пакрыццё ад сонечных промняў. Да таго ж усе муфты неабходна загерметызаваць. Гэта засцерагае гідрасістэму ад пападання вільгаці і смецця. Вельмі важна забяспечыць адкрыты доступ да вузлоў і агрэгатаў машыны. Увесь гэты комплекс мер дазваляе правесці якасную дыягностыку і далейшы рамонт кожнай адзінкі тэхнікі, які будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным Карэліцкім райвыканкамам. Безумоўна, першачарговая ўвага механізатараў гаспадарак будзе нададзена рамонту трактароў, плугоў, камбінаваных землеапрацоўчых агрэгатаў, каб у адказны момант пасяўной кампаніі яны не падвялі і працавалі без замінак.

Праведзены семінар-агляд выявіў лепшыя сельгаспрадпрыемствы раёна, якія валодаюць выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базай і рэсурсам адказных працаўнікоў. Так, ганаровае першае месца атрымаў СВК “Жухавічы”, галоўным інжынерам якога з’яўляецца Васілій Казлоўскі. На другой пазіцыіСВК “Свіцязянка-2003”, інжынерную службу якога ўзначальвае Валерый Рытус. На трэцім месцы аказаліся КСУП “Лукі-Агра” і галоўны інжынер Генадзій Жыгала.

Да таго ж на высокім узроўні адзначана праца шэрагу загадчыкаў мехмайстэрняў і спецыялістаў інжынернай службы раёна.

Кожнай з гаспадарак, якая заняла лідзіруючыя пазіцыі па выніках раённага агляду тэхнікі, характэрны аператыўнасць выканання работ, а таксама гаспадарчы падыход ва ўсім. Так, у СВК “Жухавічы” ўся землеапрацоўчая тэхніка, а таксама тыя адзінкі сельгасмашын, якія не былі задзейнічаны на асенніх палявых работах, ужо ў сярэдзіне лістапада былі прыведзены ў належны стан і пастаўлены на працяглае зімовае захоўванне. Адна з адметных рыс гаспадаркі – адчуванне абсалютнай дысцыпліны і асэнсаванасць дзеяння механізатараў, для якіх створаны ўсе неабходныя ўмовы для плённай працы: на мехмайстэрнях СВК “Жухавічы” не толькі светла і чыста, але і цёпла. Не так даўно тут былі ўсталяваны два новых цеплагенератара з аўтаматычным кіраваннем, дзякуючы якім нават у люты мароз работа па рамонце тэхнікі будзе працягвацца.

Клопат аб працаўніках ляжыць і ў аснове поспеху СВК “Свіцязянка-2003”. Да прыкладу, у мінулым годзе на добраўпарадкаванне машыннага двара ў аграгарадку Варонча затрачана каля 520 тысяч рублёў. На мехмайстэрнях пабудавана лазня, выдатна абсталяваны пакой для прыёму ежы, дыспетчарская, кабінет аховы працы. Сёлета за сродкі сельгаспрадпрыемства ўстаноўлена новая агароджа з металапрофілю. Для рамонту тэхнікі ў “Свіцязянцы” створана добрая матэрыяльная база: як гадзіннік працуюць кавальскі, такарны і зварачны цэхі.

– У КСУП “Лукі-Агра”, які па выніках агляду атрымаў трэцяе месца, нічога не робіцца напаказ, – адзначыў Мікалай Гавіна. – Сюды можна прыехаць у любы момант і не расчаравацца: адказная пастаноўка тэхнікі на зімовае захоўванне – гэта сістэма ў гаспадарцы, а не разавая акцыя. На мехмайстэрнях створаны ўсе спрыяльныя ўмовы для рамонту тэхнікі. А гэта значыць, што на веснавой пасяўной работа будзе кіпець.

Падводзячы вынікі праведзенага семінара-агляду, старшыня райвыканкама Віктар Шайбак высока ацаніў работу інжынернай службы раёна:

– Падрыхтоўка тэхнікі да будучага аграрнага года – справа не аднаго дня. На працягу зімовых месяцаў, якія праляцяць хутка, механізатарамі кожнай гаспадаркі будзе выкананы вялікі аб’ём рамонтных работ, ад правядзення якіх і залежыць ураджай наступнага года. На сённяшні дзень у раёне створаны добрая матэрыяльна-тэхнічная база, камфортныя ўмовы для работы працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, тэрыторыі машынных двароў большасці гаспадарак прыведзены ў належны стан. Так, сёлета на машынным двары СВК “Маяк-Заполле” былі забетанаваны дзве пляцоўкі для захоўвання тэхнікі. Увогуле, “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, “Лукі-Агра”, “Жухавічы” і племзавод “Карэлічы” – яскравыя прыклады гаспадарчага падыходу да справы.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара