Труд, учеба, спорт и песня шли рядом. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1966 году

Праца, вучоба, спорт, песня поруч ідуць. Падзеі раёна, аб якіх пісала раённая газета «Полымя» ў 1966 годзе.

🕑 20 студзеня

Кожны панядзелак, аўторак, чацвер і пятніцу пасля працы некаторыя калгаснікі накіроўваюцца ў памяшканне праўлення калгаса «Маяк». Тут праходзяць заняткі вячэрняй школы, якая існуе ўжо другі год.

🕑 15 лютага

У Мірскай і Пагарэлкаўскай школах стадыёны пабудаваны сіламі спартсменаў. Вядзецца іх будаўніцтва і ў асобных калгасах.

🕑 3 сакавіка

Да паслуг хлебаробаў калгаса імя Калініна два прасторныя клубы ў Волцы і Малюшычах. Тут рэгулярна дэманструюцца кінафільмы і наладжваюцца канцэрты мастацкай самадзейнасці, у кожным клубе ёсць тэлевізар.

🕑 29 сакавіка

За поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі, лепшай даярцы саўгаса «Карэлічы» Таццяне Рыгораўне Арда Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

🕑 9 красавіка

Калектыў Карэліцкага маслазавода стаў пераможцам у рэспубліканскім сацспаборніцтве па выніках чацвёртага квартала 1965 года, даўшы на 140 тысяч рублёў прадукцыі звыш плана.

🕑 16 красавіка

Да Дня адкрыцця ХХІІІ з’езда КПСС план продажу дзяржаве льносемя выкананы на 150 працэнтаў. Звыш плана прададзена 3000 цэнтнераў льносемя, а план продажу льновалакна выкананы на 157 працэнтаў.

🕑 1 мая

Напярэдадні Свята Першамая жывёлаводы калгаса імя Якуба Коласа рапартавалі аб датэрміновым выкананні гадавога плана па продажу мяса дзяржаве. На прыёмныя пункты адпраўлена звыш 520 цэнтнераў мяса пры плане 500.

🕑 16 чэрвеня

Калгас «Нёман» штогод папаўняе свой машынна-трактарны парк. Гаспадарка набыла збожжавы камбайн «СК-4», куплены таксама трактар «Т-74», бульбапасадачныя машыны, шмат прычэпнага інвентару.

🕑 9 ліпеня

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці ўсіх галін калгаснай і саўгаснай вытворчасці, камітэт Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР узнагародзіў наш раён Дыпломам 1-й ступені.

🕑 4 жніўня

Сярод калгасаў рэспублікі пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве за павялічэнне вытворчасці і нарыхтовак ільнопрадукцыі прызнана арцель «Сцяг Леніна».

🕑 1 верасня

Датэрмінова, на 20 жніўня, саўгас «Чырвонаармейскі» выканаў гадавы план продажу яек дзяржаве на 110,7 працэнта. На нарыхтоўчы пункт іх дастаўлена 11070 штук пры плане дзесяць тысяч.

🕑 8 верасня

Свята берагуць памяць аб загінулых воінах і партызанах навучэнцы Малюшыцкай васьмігодкі. Яны пастаянна даглядаюць могілкі.

🕑 24 верасня

Вялікую работу вядуць рабочыя раённай нарыхтоўчай канторы, якія заняты закупам ад насельніцтва лішкаў гародніны і садавіны. Агуркоў нарыхтавалі больш 75 тон, з якіх 50 тон засолены на месцы.

🕑 27 верасня

Ашчадныя касы раёна прыступілі да аплаты білетаў грашова-рэчавай латарэі чацвёртага выпуску, на якія выпалі выйгрышы. Шчасліўчыкам аказаўся жыхар г. п. Карэлічы, які выйграў тэлевізар «Зорка».

🕑 14 кастрычніка

У Цырыне актыўна дзейнічае духавы аркестр, яго ўдзельнікі збіраюцца на рэпетыцыі, каб затым выступіць з канцэртам перад вяскоўцамі.

🕑 25 кастрычніка

У вёсцы Варонча вырас васьмікватэрны двухпавярховы жылы дом. На будучы год поруч з гэтым будынкам разгорнецца будаўніцтва двух аднакватэрных дамоў для спецыялістаў і рабочых саўгаса.

🕑 7 лістапада

У райбыткамбінаце адкрыта майстэрня па рамонту халадзільнікаў, пральных машын, электрабрытваў і іншага хатняга элетраабсталявання.

🕑 20 снежня

На ўзвышшы, побач з маладым калгасным садам, узводзіцца Палац культуры сельгасарцелі імя Чарняхоўскага. У ім будзе глядзельная зала на 360 месцаў, фае, бібліятэка, вестыбюлі, пакоі для гуртковых работ, класы музычнай школы.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фотаздымак з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея

Працяг будзе…