В Кореличской библиотеке юных читателей пригласили в интерактивное путешествие по творчеству Николая Бусько (фото+видео)

Казка ажыла для маленькіх чытачоў у Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы падчас літаратурнага калейдаскопа “На бабрынай сцяжынцы” ў гонар беларускага пісьменніка і мастака Міколы Бусько.

Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі юных гасцей у інтэрактыўнае падарожжа па творчасці нашага знакамітага земляка, ураджэнца маляўнічай вёскі Пагарэлка. Вучні пятых класаў сярэдняй школы №2 сталі не толькі ўважлівымі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Вершы Міколы Бусько хораша і выразна прачыталі Лізавета Шугля, Мацвей Сап’янік, Аляксандра Чужаўка і Генадзій Лістук.

Прынялі ўдзел дзеці і ў інсцэніроўцы казкі “Чорна-белы Хамячок” з новага зборніка Міколы Бусько “У бары жывуць сябры”. Павучальная лясная гісторыя і сімпатычныя персанажы лялечнага спектакля прыйшліся даспадобы юнай публіцы.

А пасля прадстаўлення госці кніжнага свята накіравалаліся да стэндаў, дзе былі размешчаны кнігі і публікацыі Міколы Бусько, а таксама малюнкі кружкоўцаў дзіцячай школы мастацтваў і раённага Дома рамёстваў па яго творах.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара