В рамках проекта «Мир без слез» маленьких пациентов Кореличской ЦРБ радовали розовая фея и веселый профессор (фото)

? Прыйшла зіма – настала пара цудаў. Сёлета добрымі чараўнікамі для педыятрычнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ сталі прадстаўнікі ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь). У межах дабрачыннага праекта “Свет без слёз” яны аказалі ўстанове значную фінансавую падтрымку, а 4 снежня разам з камандай аніматараў яшчэ і прывезлі святочны настрой маленькім пацыентам.

Вочы дзяцей павінны блішчаць ад шчасця, а не ад слёз, упэўнены супрацоўнікі ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь). Таму за 10 год існавання ў нашай краіне дабрачыннага праекта “Свет без слёз” падарылі радасць сотням хлопчыкаў і дзяўчынак і дапамаглі 30 установам здароўя ў 25 гарадах Беларусі.

Сярод іх цяпер ёсць і Карэлічы. Дзякуючы фінансавай дапамозе, наша бальніца сёлета набыла для педыятрычнага аддзялення цацкі, мэблю, растамер, халадзільнікі, матрасы, дазатары, вагі і іншыя патрэбныя рэчы.

Але адным з самых адмысловых падарункаў стала яркая і фантастычная забаўляльная праграма для дзяцей і бацькоў. Падчас яе педыятрычнае аддзяленне ператварылася ў каралеўства цудаў, дзе рабяты з дзіўным прафесарам ставілі вясёлыя хімічныя вопыты, а з ружовай феяй гулялі ў мыльныя бурбалкі.

4 снежня наведалі маленькіх пацыентаў не толькі казачныя персанажы. Старшыня Праўлення ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь) Уладзімір Уладзіміравіч Іваноў дэтальна пазнаёміўся з жыццём педыятрычнага аддзялення.

Дадамо, што на гэтым навагоднія дзівосы для карэліцкіх дзетак толькі пачынаюцца. Адна з самых маштабных святочных акцый “Нашы дзеці” стартуе ўжо 10 снежня.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара