Ветеран Великой Отечественной войны Владимир Буй: «Жизнь нужно любить, работать с удовольствием и двигаться вперед, только вперед»

– Цяжка перадаць словамі, як я люблю Мір. Тут своеасаблівая атмасфера, удалае планаванне вуліц. Сёння гарадскі пасёлак будуецца і добраўпарадкоўваецца,– не хаваючы радасных пачуццяў, адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй. – А якім Мір выйшаў з ваеннага ліхалецця? Спаленым і разбураным. Успомніць магу толькі адзіны ацалелы будынак, дзе сёння размяшчаецца Мірская бібліятэка. Адным словам, населены пункт ператварыўся ў суцэльнае папялішча.

На пачатак вайны юнаку Валодзю Бую было 15 гадоў. Чэрвеньскім ранкам разам з сялянскімі хлапчукамі з в. Даўгінава Ярэміцкага сельсавета ён пасвіў кароў. У адзін момант са страшэнным гулам у небе з’явіліся варожыя самалёты, якія кружылі так нізка, што, здавалася, закрануць жывёл. Менавіта так, імгненна і жорстка, уварвалася ў мірнае жыццё Карэліччыны вайна, якая пакінула пасля сябе боль, жах, смерць.

– У камсамольскі партызанскі атрад, які размяшчаўся непадалёк ад вёскі Антанёва, мяне ўзялі ў 1944 годзе, калі мне споўнілася 17, – успамінае былы партызан. – Мяне назначылі другім нумарам кулямётчыка. Фізічна было вельмі цяжка: падчас пераходаў даводзілася несці з сабой шэсць зараджаных дыскаў, у якіх было каля 250 патронаў. Пра маральны бок вайны разважаць бессэнсоўна: акрамя смерці і разрухі, яна нічога не прынесла. Мне давялося змяніць трох кулямётчыкаў, якія загінулі на маіх вачах.

Не пашкадавалі нямецкія кулі і самога Уладзіміра Буя. Той бой непадалёк ад Рудзьмы ў самым пачатку ліпеня, калі ветэран вайны быў паранены, ён памятае да дробязей:

– Вечарам мы занялі свае пазіцыі і чакалі немцаў. З’явіліся яны глыбокай ноччу. Спачатку здалося, што зможам затрымаць акупантаў. Але што тут казаць, ці маглі нашыя вінтоўкі і некалькі кулямётаў спрачацца з нямецкімі мінамётамі і баявой тэхнікай? Зразумела, не. Шмат таварышаў загінула ў тым баі.

Пра ваенную біяграфію Уладзіміра Буя можна гаварыць бясконца: начныя заданні, удзел у групе па падрыву чыгункі, баявыя дзеянні ў складзе партызанскага атрада. Дэмабілізаваўся ветэран вайны толькі 18 красавіка 1951 года. Спачатку служыў у дзеючай арміі пад Мінскам, а з 1948 года – на Поўначы.

– Пасля дэмабілізацыі адразу ўладкаваўся сакратаром палітаддзела Вобрынскай машынна-трактарнай станцыі, – успамінае вяртанне да мірнага жыцця Уладзімір Буй. – Выступаў на сходах перад сялянамі, вёў улік тыражу і падпіску на газету “Сацыялістычнае земляробства”. Добра памятаю, як у вёсках пачалі з’яўляцца першыя радыёкропкі. Начамі не спаў, слухаў, запісваў, а потым расказваў сялянам аб апошніх падзеях у краіне.

Жыццё ў вёсцы таго перыяду было неймаверна цяжкім: працавалі ў калгасе з ранку да позняга вечара за працадні. За кожны адпрацаваны дзень налічвалася пэўная норма зерня, якая залежыла ад сабранага ўраджаю. Атрымлівалася 100-200 грамаў зерня за працадзень.

– Толькі дзякуючы падсобным гаспадаркам людзі змаглі выжыць: трымалі каня, карову, свіней. Ведаеце, калі сёння чую пра ўраджайнасць у 70 цэнтнераў з гектара, аж душа радуецца. У пасляваенныя гады сяляне атрымлівалі па 10 цэнтнераў збажыны з гектара. На пасяўной карысталіся коннымі сеялкамі, на жніве – жаткамі, якія таксама цягнулі коні.

Адным словам, пракарміць сябе і сям’ю было надзвычай складана. Таму ў пошуках лепшага жыцця моладзь імкнулася пакінуць вёску і замацавацца ў горадзе.

– Ведаеце, асабіста я ніколі не хацеў паехаць у горад: ні ў складаны пасляваенны перыяд, ні сёння. Можа, і паўтаруся, але мірскую зямлю я люблю ўсёй душой, – шчыра адзначае Уладзімір Буй. – Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Каля 10 гадоў адпрацаваў у сферы гандлю, быў абраны старшынёй Мірскага райспажыўсаюза. Але самымі плённымі гадамі стаў час працы на птушкафабрыцы “Чырвонаармейская”, якой я аддаваў усяго сябе. На працягу 16 гадоў займаў кіруючыя пасады. Менавіта з прадпрыемства пайшоў на заслужаны адпачынак.

Напрыканцы размовы Уладзімір Буй, якому праз некалькі месяцаў споўніцца 92 гады, падзяліўся сакрэтам даўгалецця:

– Жыццё трэба любіць, ад працы атрымліваць асалоду, а рухацца наперад, толькі наперад.

Аксана ЯНУШ