Дед Мороз и Снегурочка из газеты «Полымя» вручили подарок Софии Васько за самое необычное новогоднее письмо

?? Новы год – свята, якое ніколі не абыходзіцца без яго галоўных атрыбутаў – упрыгожанай ёлкі, навагодніх фільмаў, селядца пад шубай, а ў дзяцей – без пісьмаў Дзеду Марозу. Напярэдадні свята раённая газета “Полымя” разам з рэдакцыйнымі Дзедам Марозам і Снягуркай падвяла вынікі конкурсу, абраўшы лепшае пісьмо і ўзнагародзіўшы яго аўтара.

? Першым пра свае добрыя ўчынкі распавёў сямігадовы Вадзім Касцюк з аграгарадка Жухавічы. Хлопчык папрасіў у Дзеда Мароза падарунак не сабе, а малодшаму браціку Вове, бо “гэта яго першы Новы год”. Таксама маленькі пісьменнік не забыўся пра маму і тату, жадаючы атрымаць для іх пры дапамозе чараўніка самае галоўнае – здароўе.

? Падзякаваць за падарункі мінулага года і расказаць пра будаўніцтва “доміка для курачак” вырашыў першакласнік Лукскай школы Цімур Калабаеў. Хлопчык падзяліўся з Дзедам Марозам тым, што ў будучым хацеў бы стаць пажарным і пабудаваць “прыгожы дом для мамы з вялікім ганкам і лесвіцай”.

? “Пры згадцы аб вас на душы робіцца цёпла і радасна”, – такімі словамі пачалі сваё пісьмо другакласнікі Райцаўскага ВПК дзіцячага сада-сярэдняй школы. Маленькія аўтары не прасілі падарункаў, а проста пажадалі ўсім і кожнаму чароўнай атмасферы Новага года.

? На адрас Дзеда Мароза і Снягуркі з газеты “Полымя” прыйшло шмат пісем, дзе кожны з аматараў эпісталярнага жанру расказваў пра добрыя справы. Але аўтарам самага арыгінальнага і запамінальнага пісьма Дзед Мароз прызнаў вучаніцу другога класа СШ №1 Сафію Васько, якая не толькі сваімі ўчынкамі заслужыла павагу чараўніка, але і зрабіла гэта ў вершаванай форме.

Рэдакцыйныя Дзед Мароз і Снягурка не развітваюцца са сваімі чытачамі, а жадаюць працягваць марафон добрых спраў, каб напярэдадні самай чароўнай ночы да іх у госці завітала самае сапраўднае свята.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота Іны ЛЕЙКА