История успеха СПК «Свитязянка-2003» началась 70 лет назад

?? 29 студзеня адно з перадавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліччыны адзначыць юбілейны дзень нараджэння. На працягу сямідзесяці гадоў на райцаўскай і варанчанскай землях закладваліся працоўныя традыцыі сённяшняй гаспадаркі, на змену адным пакаленням хлебаробаў прыходзілі іншыя, будуючы слаўную гісторыю СВК “Свіцязянка-2003”.

?? З гісторыі будуецца сучаснасць

Гісторыя ўтварэння сучаснага флагмана жывёлагадоўчай і раслінаводчай галін раёна распачалася з калектывізацыі 1948-1949-х гадоў. 2 лютага 1948 года на агульным сходзе сяляне-аднаасобнікі в. Шчонава стварылі калгас “Першае мая”, старшынёй якога стаў Р. П. Дубень. У пачатку верасня 1948 года калектыўная гаспадарка “Шлях да камунізму” ўтварылася ў Райцы. Яе першым кіраўніком быў абраны М. К. Сак. Прыкладна ў гэты ж час у в. Плужыны была арганізавана сельгасарцель імя Гастэлы, першым старшынёй якой стаў М. І. Флейта.

Самастойнае жыццё асобных калгасаў прыпынілася 24 лютага 1954 года, калі на агульным сходзе прадстаўнікі гаспадарак вырашылі аб’яднацца ў адзіны калгас імя Гастэлы.

Нельга не назваць прозвішчы старшыняў праўлення калгаса, якія на працягу рознага часу кіравалі гаспадаркай, уносячы неацэнны ўклад у яе развіццё. Гэта Ц. Д. Лапацкі (1952-1956 г.), У. А. Шчарбакоў (1956-1958 г.), І. І. Шэга (1958-1963 г.), С. А. Шыбут (1963-1975 г.), А. А. Багушэвіч (1975-1976 гг.), А. М. Сокалаў (1976-1996 гг.), А. М. Кулініч (1996-1998 гг.), М. М. Яўсейчык (1998-2001 гг.), І. В. Манько (2001-2002 гг). З 1 лютага 2002 года СВК “Свіцязянка-2003” узначальвае Уладзімір Галавач.

Актыўна праходзіла калектывізацыя і на райцаўскай зямлі. Калгас імя Якуба Коласа ў в. Грабаўка быў створаны ў пачатку сакавіка 1950 года. Яго старшынёй быў абраны А. С. Андрэйчык. У жніўні 1949 года калгас “Маладая гвардыя” стварылі ў в. Скрышава, на чале якога стаў Ю. П. Арцюх. Калектывізацыя закранула і іншыя вёскі райцаўскай зямлі, дзе былі ўтвораны асобныя гаспадаркі, якія ў хуткім часе аб’ядналіся ў калгас імя Якуба Коласа.

Калектывізацыя на варанчанскай зямлі праходзіла наступным чынам. 16 верасня 1949 года аднаўляецца калгас імя Варашылава ў в. Варонча, які быў створаны ў 1940 годзе. Прыкладна ў гэты ж час арганізаваны калгас імя Ракасоўскага, у склад якога ўвайшлі в. Горбатавічы і Куневічы, калгас імя Савецкай Арміі (в. Мінакі і Трасейкі), “Прамень рэвалюцыі” (в. Равіны), імя Кірава (в. Падгайна) і шэраг іншых калгасаў, якія ў канцы верасня 1951 года аб’ядналіся ў адзіную калектыўную гаспадарку – калгас “Савецкая армія” з праўленнем у Варончы. У 1965 годзе аб’яднаная гаспадарка была рэарганізавана ў саўгас “Варонча”, дырэктарамі якога ў розныя гады былі С. А. Кулак, А. М. Сенька. На працягу 6 гадоў, з 1988 па 1994 гады, саўгас “Варонча” ўваходзіў у склад калгаса “Ленінскі шлях” з цэнтрам у в. Цырын. У выніку наступнага аддзялення быў арганізаваны калгас “Варонча” з праўленнем у в. Варонча, які ў 2003 годзе быў перайменаваны ў СВК “Варонча”. Чарговая рэарганізацыя адбылася ў лістападзе 2005 года шляхам далучэння да СВК “Свіцязянка-2003” сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Варонча”.

?? Працаваць так, як яны

Гісторыя СВК “Свіцязянка-2003”легендарная. Яе сваёй шчырай працай стваралі адказныя і надзейныя людзі. Іх працу дастойна ацаніла дзяржава.

Так, ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі ўдастоена М. П. Адзярэйка. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга двойчы ўзнагароджана лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР З. П. Грыбок, а таксама А. В. Жыгалка, В. І. Маркевіч, М. Ф. Казакоўскі, Н. У. Навумчык, К. П. Саўка, М. П. Адзярэйка.

Кавалерамі ордэна Знак Пашаны з’яўляюцца К. І. Вілента, А. М. Савонь, Я. У. Хоміч, С. А. Гасціла, У. А. Кіпра, А. М. Русак, А. М. Сокалаў, М. А. Астроўская, Н. П. Ждан.

Ордэнам Працоўнай славы III ступені адзначаны А. А. Захарчук, А. І. Вярбіцкі. Медалём “За працоўную доблесць” узнагароджаны 14 хлебаробаў, “За працоўную адзнаку” – 15 працаўнікоў.

?? З сучаснымі тэхналогіямі на “ты”

На сучаным этапе СВК “Свіцязянка-2003” займае адну з перадавых пазіцый не толькі на Гродзеншчыне, але і ў рэспубліцы, з’яўляючыся неаднаразовым пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы ў сельскай гаспадарцы. Па выніках дзейнасці гаспадаркі за 2012, 2015, 2016 і 2017 гады “Свіцязянка” занесена на Рэспубліканскую Дошку пашаны. Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач, якому ў маі 2018 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, і галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца, які ў канцы 2016 года быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

Зямельнае багацце гаспадаркі – гэта 6242 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 4913 га ворыва. Для таго, каб вырасціць і сабраць ураджай, нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў, СВК валодае выдатным па колькасці і якасці машынна-трактарным паркам, які ўключае 55 трактароў, 9 зерняўборачных камбайнаў, 3 кормаўборачныя і 1 буракаўборачны камбайны, 26 грузавых аўтамабіляў. Паступова тэхніка ў гаспадарцы аднаўляецца, набываюцца новыя адзінкі. Так, у мінулым годзе машынна-трактарны парк папоўнілі два новенькія “Палессі” і прычапны культыватар. Сёлета кіраўніцтва “Свіцязянкі” плануе набыць кормаўборачны камбайн “Ягуар-870” і энерганасычаны трактар “Беларус”.

Але, як вядома, тэхніка без чалавека мала што значыць. І гаспадарцы ёсць кім ганарыцца. Зладжаны калектыў СВК “Свіцязянка-2003” складаюць 320 чалавек, якія аб’яднаны агульнымі мэтамі і інтарэсамі, з упэўненасцю глядзяць у заўтрашні дзень. А спецыялістаў у гаспадарцы шануюць: яны атрымліваюць дастаткова высокі заробак, працуюць у камфортных умовах, забяспечваюцца жыллём. Так, у мінулым годзе для работнікаў “Свіцязянкі” былі пабудаваны тры камфортныя катэджы, якія абышліся гаспадарцы ў 266 тысяч рублёў. Такое ж асабістае жыллё для працаўнікоў СВК будзе ўзводзіцца ў бягучым годзе. Зусім нядзіўна, што маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі застаюцца на райцаўскай зямлі.

Сёлета аграрыі СВК “Свіцязянка-2003” атрымалі найвышэйшую ў раёне ўраджайнасць цукровых буракоў – 728 ц/га. Да таго ж з кожнага гектара хлебаробы атрымалі 48,8 цэнтнера збожжа пасля дапрацоўкі. Ураджайнасць кукурузы на зерне склала 84,4 ц/га, на сілас – 388 ц/га. Паспяхова прайшла корманарыхтоўчая кампанія мінулага года: нарыхтавана 22404 тоны сенажу, у тым ліку амаль 2,5 тысяч тон у стрэйч-плёнцы, 19013 тон сіласу, 1001 тона сена. Адпаведна назіраецца заканамернасць: кармы ў дастатку – высокія надоі.

Увогуле, гаварыць пра СВК “Свіцязянка-2003” і не сказаць пра рэкордныя паказчыкі жывёлагадоўчай галіны, будзе памылкай. “Свіцязянка” – флагман жывёлагадоўлі не толькі Карэліччыны, але Гродзеншчыны і рэспублікі ў цэлым. Па выніках 2018 года валавая вытворчасць малака склала 15868 тон, альбо 103% да ўзроўню 2017 года. Па такім паказчыку, як сярэдні надой на карову (9188 кг малака), “Свіцязянка” — у раённых лідарах. А рабатызаваная ферма “Літараўшчына” ўвогуле па-за канкурэнцыяй: тут атрымалі 9958 кг ад адной каровы.

Бясспрэчна, што вялікія надоі – вынік прымянення сучасных тэхналогій вытворчасці і ўтрымання жывёл. Да прыкладу, на малочнатаварным комплексе “Райца-1”, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў кастрычніку мінулага года, жывёла знаходзіцца ў выдатных умовах: для кожнай каровы прадугледжана асабістае месца з гумавым лежаком, усталяваны паілкі з падагрэвам, вентылятары для разгону паветра і аўтаматычныя часалкі, якія, па словах загадчыка МТК “Райца-1” Раісы Машчонскай, карыстаюцца выключным попытам, нават своеасаблівыя чэргі можна назіраць.

– Пакуль што комплекс працуе не ў поўную сілу. Сёння ў двух кароўніках, якія разлічаны на 610 галоў, утрымліваецца 502 жывёлы, – расказвае Раіса Машчонская. – Але ўжо можна гаварыць пра першыя паказчыкі, якія, безумоўна, будуць павышацца: па выніках апошняга месяца 2018 года ад умоўнай каровы атрымана 703 кг малака пры сярэднім надоі больш за 24 кг. У канцы снежня ўся прадукцыя здадзена гатункам экстра.

Адным з ноу-хау комплексу, пабудаванага па апошнім слове навукі і тэхнікі, з’яўляюцца сонечныя батарэі, усталяваныя на даху малочнага блоку, што дазваляе значна паменшыць расходы пакупной энергіі не толькі летам, але і зімой.

Перад тым, як трапіць у даільную залу, каровы праходзяць праз спецыяльны ўчастак, запоўнены пенай, якая дэзынфіцыруе капыты жывёл і прафілактыруе ад захворванняў. Увогуле, пытанням гігіены і санітарыі ў малочным блоку ўдзяляецца асаблівая ўвага.

Але якая б аўтаматызацыя не прымянялася, на чале ўсяго стаіць чалавек. А дакладней 25 працаўнікоў, якія абслугоўваюць комплекс, дзе для іх створаны аптымальныя ўмовы працы: душавыя, камфортны пакой прыёму ежы з усімі неабходнымі бытавымі прыборамі.

“Не спыняцца ні на хвіліну” – своеасаблівы дэвіз “Свіцязянкі”. Таму, пабудаваўшы сучасны малочнатаварны комплекс, кіраўніцтва гаспадаркі рухаецца наперад. Доказамі гэтаму з’яўляюцца рамонт МТФ “Мінакі” і “Райца”, узвядзенне будынка для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы пры МТФ “Міратычы”.

Аксана ЯНУШ