Первым в 2019 году в Кореличском районе родился мальчик Андрейка

? Нараджэнне дзіцяці – заўсёды свята. А калі немаўля з’яўляецца на свет яшчэ і ў навагоднія дні, то маці атрымлівае двайны падарунак. Менавіта такое шчасце выпала на долю жыхаркі Міра Кацярыны Ігараўны Кузюк.

4 студзеня жанчына нарадзіла першае ў 2019 годзе дзіця на Карэліччыне – хлопчыка Андрэя – вагою 3300 грамаў і ростам 50 сантыметраў.

Павіншаваць матулю ў радзільнае аддзяленне Цэнтральнай раённай бальніцы прыйшла галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Віктараўна Куляка, якая ад імя раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” уручыла маладой жанчыне падарунак і пажадала хлопчыку спакойнага жыцця, а таксама вялікіх дасягненняў на радасць бацькам і малой радзіме.

Шчырыя віншаванні з Новым годам і Калядамі прагучалі ад галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Аксаны Канстанцінаўны Абрамчык, якая таксама не пакінула маці без падарунка і цёплых слоў.

– Новы год, як правіла, прыносіць змены ў жыццё кожнага чалавека, а разам з тым – і нашай дзяржавы. І часам адбываецца так, што свята даруе не толькі новыя мэты і мары, але і новае жыццё, – адзначыла Аксана Абрамчык. – Ад усёй душы жадаю вам і вашай сям’і фінансавага дабрабыту і сапраўднага шчасця.

Дарэчы, у мінулым годзе Карэліччына стала багацейшай на 73 хлопчыка і 66 дзяўчынак. Упершыню матулямі сталі 49 чалавек.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і Аксаны ЯНУШ