Профсоюзы наградили лучших животноводов КСУП «Малюшичи»

На мінулым тыдні Карэліччына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якая праводзіцца штогод па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і накіравана на падтрымку і стымуляванне працы работнікаў жывёлагадоўчай галіны.

Як і ў мінулым годзе, першымі сярод жывёлаводаў Карэліччыны словы ўдзячнасці за старанную працу і ўзнагароды атрымалі лепшыя працаўнікі фермаў КСУП “Малюшычы”.

– Сёння мы віншуем добрасумленных працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны, якія штодзень з поўнай адказнасцю выконваюць свае службовыя абавязкі і карыстаюцца пэўным аўтарытэтам у кіраўніцтва гаспадаркі, – звярнулася да прысутных старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская.

Падзячныя лісты і грашовыя прэміі атрымалі жывёлавод МТФ “Машэвічы” Андрэй Жукоўскі, лабарант МТФ “Малюшычы” Алена Аляшкевіч, жывёлавод фермы “Даўгінава” Алена Савоська, аператар машыннага даення Ірына Блакіцкая, жывёлавод МТФ “Сэрвач” Мікалай Яраш, жывёлавод фермы “Тупалы” Сяргей Куканаў і жывёлавод МТФ “Руднікі” Сяргей Мацко.

Акрамя ўрачыстага моманту ўзнагароджання сустрэча насіла інфармацыйны характар. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Манько расказаў аб тым, якіх вынікаў дасягнулі жывёлаводы Карэліччыны ў 2018 годзе і як ідуць справы ў жывёлагадоўчай галіне раёна ў новым 2019 годзе.

Безумоўна, працу жывёлаводаў лёгкай ніяк не назавеш. Аднак працаўнікі фермаў КСУП “Малюшычы” годна і якасна выконваюць службовыя абавязкі.

– Перад адпраўкай малака на перапрацоўку абавязкова правяраецца яго якасць. Гэтым я штодзень і займаюся. Дакладней кажучы, штораніцу, а палове пятага я ўжо на ферме. За два гады, што я працую ў гаспадарцы, ужо склаўся пэўны рэжым. Таму раннія пад’ёмы мяне не палохаюць, – падзялілася лабарант МТФ “Малюшычы” Алена Аляшкевіч.

– Ведаеце, вельмі прыемна, што нашу працу адзначылі ў такой урачыстай абстаноўцы. З’явіўся яшчэ адзін стымул добра працаваць і імкнуцца да найлепшых вынікаў, – адзначыла жывёлавод фермы “Даўгінава” Алена Савоська.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара