В Кореличском райисполкоме приняли бюджет на 2019 год

У канцы снежня на сумесным пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і сесіі раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліччыны ў 2019 годзе і прыняты раённы бюджэт на 2019 год.

– Па прагнозных выніках тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах за 2018 год у сельскагаспадарчых прадпрыемствах складзе 101,6% (прагноз 105%), – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Раманавіч Лазарэвіч. – У галіне раслінаводства запланавана значнае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Сельскагаспадарчым арганізацыям неабходна сабраць 89,3 тыс. тон зерневых і зернебабовых культур, 7055 тон алеенасення рапсу, 3840 тон бульбы, 198,5 тыс. тон цукровых буракоў, 2,4 тыс. тон ільновалакна, нарыхтаваць 158,4 тыс. тон сіласу і 154,4 тыс. тон сенажу.

У галіне жывёлагадоўлі ў 2019 годзе плануецца вытворчасць малака ў аб’ёме 80 тыс. тон, альбо 101,7% да чаканага ўзроўню 2018 года. Дадзены аб’ём вырабленага малака дазволіць пры таварнасці 89% рэалізаваць яго ў колькасці 71,9 тыс. тон, альбо 103,4% да ўзроўню 2018 года.

Прырост вытворчасці і рэалізацыі малака плануецца забяспечыць за кошт павелічэння колькасці кароў і іх прадуктыўнасці. Пагалоўе кароў павялічыцца на 79 галоў і на 1 студзеня 2020 года складзе 13184 адзінкі.

Пагалоўе свіней плануецца павялічыць на 1,5 тыс. галоў, што дазволіць на 1 студзеня 2020 года атрымаць 41,5 тыс. галоў. Сярэднясутачныя прывагі свіней на гадоўлі і адкорме складуць 700 грамаў.

Аб’ём будаўніча-мантажных работ па раёне ў 2019 годзе плануецца ў суме 10700 тысяч рублёў. Рост у супастаўных цэнах складзе 103,9%.

У адпаведнасці з праграмай будаўніцтва на 2019 год плануецца правядзенне работ па водазабеспячэнні г.п. Мір, завяршэнне работ па добраўпарадкаванні вуліц Танкістаў і Першамайскай гарадскога пасёлка.

У СВК “Маяк-Заполле” плануецца будаўніцтва зернесушыльна-ачышчальнага комплексу ў в. Паланая. Вядуцца работы па ўзвядзенні будынка для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы пры ферме “Мінакі” СВК “Свіцязянка-2003”. Плануемы тэрмін увядзення ў эксплуатацыю аб’екта – чэрвень 2019 года.

У 2019 годзе на тэрыторыі раёна плануецца пабудаваць за кошт усіх крыніц фінансавання 3100 квадратных метраў агульнай плошчы індывідуальных жылых дамоў. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца праектная дакументацыя на будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома ў г.п. Карэлічы. У аграгарадку Вялікія Жухавічы плануецца ўзвядзенне трох чатырохкватэрных жылых дамоў.

Экспарт тавараў у 2019 годзе складзе 106,8% (3390 тыс. долараў ЗША). Па выніках 2018 года плануецца выкананне дадзенага паказчыка на ўзроўні 176,5%.

ААТ “Карэлічы-Лён” наладжаны знешнеэканамічныя сувязі з чатырма прадпрыемствамі Кітайскай Народнай Рэспублікі на пастаўку кароткага льновалакна, што дазваляе весці дыялог аб канкурэнтнай цане тавараў. Трэба адзначыць, што кітайскі бок зацікаўлены ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве.

Экспарт паслуг у 2019 годзе плануецца на ўзроўні 104,8%. У бягучым годзе пашырыцца пералік турыстычных паслуг фермерскай гаспадаркай “Белыя лугі”, ПГУП «Пузата Хата».

У 2019 годзе ў раёне запланавана стварыць 50 новых працоўных месцаў як на ўжо існуючых прадпрыемствах, так і на новых аб’ектах, зарэгістраваных у 2018-2019 гадах.

Плануецца далейшае павелічэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. Сярэднямесячны заробак у раёне ў 2019 годзе складзе 725,6 рублёў, альбо 107,4% да ўзроўню 2018 года.

– Даходная частка бюджэту на 2019 год – больш за 31 млн рублёў, – адзначыў падчас свайго выступлення начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Іванавіч Дарашэнка. – Асноўная крыніца папаўнення раённага бюджэту – гэта падатковыя прыбыткі, якія складуць 13 млн 144 тыс. рублёў.

Расходная частка бюджэту на 2019 год уяўляе сабой крыху больш за 30 млн рублёў, як і ў мінулыя гады яна будзе сацыяльна-арыентаваная. Асноўныя сацыяльныя кірункі — адукацыя і ахова здароўя, на якія запланавана выдаткаваць 12 млн 240 тыс. рублёў і 7 млн 282 тыс. рублёў адпаведна.

Падводзячы вынікі сумеснага пасяджэння, старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак падкрэсліў, што вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі напрамую залежыць ад поспехаў аграрнага комплексу раёна, дзе першачарговая ўвага павінна ўдзяляцца спраўнасці і ўмовам захоўвання землеапрацоўчай, пасяўной, корманарыхтоўчай і ўборачнай тэхнікі і агрэгатаў. Гэта добра разумеюць спецыялісты інжынернай службы раёна і загадчыкі мехмайстэрняў, якія прадэманстравалі высокі прафесіяналізм і адказнае стаўленне да выконваемых абавязкаў падчас праведзенага ў пачатку снежня семінара-агляду сельскагаспадарчай тэхнікі.

Аксана ЯНУШ