Жизнь на грани. Блокадница Зинаида Лещинская вспоминает народную трагедию

Боль, слёзы, голад, холад, смерць, жыццё на мяжы вар’яцтва… Іншымі словамі проста немагчыма апісаць тую абстаноўку, якая панавала ў Ленінградзе на працягу дзевяцісот дзён, з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года. Здавалася, што смерць стаяла побач з кожным, хто застаўся ў блакадным горадзе. Сёння сведкі тых страшэнных падзей са слязамі на вачах расказваюць аб перажытым.

У пачатку вайны Зінаідзе Пятроўне Ляшчынскай з в. Загор’е Красненскага сельсавета было два гады. Аб жахах вайны і выпрабаваннях савецкага народа яна даведалася пазней з расказаў маці Лізаветы Васільеўны, якая з малой дачкой на руках перажыла ўсю блакаду Ленінграда, штодзень гледзячы смерці ў вочы.

– Якое можа быць дзяцінства, калі ідзе вайна? – на момант задумаўшыся, пачала размову Зінаіда Ляшчынская. – Спачатку маці са мной жыла ў невялікім пасёлку Сусаніна, што непадалёк ад Ленінграда. Потым, пераадолеўшы некалькі кіламетраў праз лес, тата прывёў нас у блакадны горад. Нам з мамай выдзелілі пакой на першым паверсе па-суседску з пажылой жанчынай. Гучыць жудасна, але яна глядзела на мяне, яшчэ зусім малое дзіцё, такімі галоднымі вачыма, што мы вымушаны былі перасяліцца ў іншы пакой на пятым паверсе.

Новымі суседкамі Лізаветы Васільеўны і маленькай Зіны сталі жанчыны, дзякуючы спачуванню якіх дзяўчынка выжыла.

– З новай суседкай Кацюшай маці магла мяне пакінуць і не хвалявацца, – расказвае блакадніца. – У хуткім часе маці ўладкавалася на працу, а мяне аддала ў дзіцячы садок. Калі немцы моцна бамбілі, дзеці заставаліся там начаваць. Ведаеце, жылі мы ў пастаянным страху. Над нашым пакоем было гарышча, дзе жылі бяздомныя, якія часта грукалі кулакамі ў дзверы. Маці баялася падымацца туды, каб павесіць бялізну. Насупраць нашага дома была школа, у якой падчас вайны размяшчаўся шпіталь. Як толькі прывозілі параненых салдатаў, адразу пачыналіся бамбёжкі і абстрэлы. Так, у той жудасны час я была зусім маленькай, але ў памяці ўсплываюць страшэнныя карціны: да дома пад’язджаюць машыны, у якія загружаюць памерлых. Люты голад – найпершы вораг у час блакады Ленінграда. Ён не шкадаваў нікога. Невялікія кавалачкі хлеба, якія толькі напалову складаліся з мукі і важылі 200-300 грамаў, – норма выдачы на дзень. Жудасна, але галоднымі былі не толькі людзі, пацукі таксама. Як толькі надыходзіў вечар і на агульнай кухні нікога не было, яны выходзілі шукаць ежу. Мы клаліся спаць і чулі, як з вялізных бакаў і каструляў на падлогу з грукатам падалі накрыўкі. У гэты час выходзіць на кухню было небяспечна.

Зінаіда Ляшчынская прызнаецца, што нават пасля зняцця блакады Ленінграда тыя жыхары горада, якія змаглі супрацьстаяць смерці, працягвалі жыць у вечным страху і ўздрыгвалі пры кожным моцным гуку. Дзяўчынка яшчэ доўгі час не магла спускацца ў склеп, які ўспрымаўся не інакш, як бамбасховішча.

Жах і несправядлівасць… Блакада Ленінграда – самая трагічная старонка ў гісторыі горада, у гісторыі Другой сусветнай вайны. Ніводны горад свету за ўсю гісторыю войн не ахвяраваў дзеля Перамогі столькі жыццяў, колькі ахвяраваў Ленінград.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Зінаіды ЛЯШЧЫНСКАЙ