Аб’яднаныя родным словам. Ураджэнец Карэліччыны Алесь Гоцка ўвайшоў у лік аўтараў альманаха «Стольны град» (фота+відэа)

Люты набліжае нас да вясны і абуджае творчыя сілы. Відаць, гэта і паспрыяла таму, што напярэдадні Дня роднай мовы ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя першага літаратурнага альманаха “Стольны град”. Многія таленавітыя людзі склалі шмат сіл, каб на свет з’явілася такое пранізанае шчырай любоўю да беларускага слова выданне. Сярод іх – ураджэнец Карэліччыны Алесь Гоцка.

Святлана Абдулаева

Радасць і гонар перапаўнялі сэрца кожнага прысутнага на знакавай для ўсяго рэгіёна культурнай падзеі. 170 старонак літаратурнага альманаха змясцілі творчыя лёсы людзей, розныя эпохі і жанры. Зборнік уключыў у сябе паэзію, прозу, пераклады, літаратуразнаўчыя матэрыялы. Яго укладальнікам выступіла паэт і музыкант Святлана Абдулаева. Карэктарскую працу выканаў журналіст і філолаг Васіль Кузьміч, які напісаў і прадмову да выдання. Дарэчы, творы абодвух таксама ўвайшлі ў альманах. А яго рэдактарам стаў вядомы беларускі журналіст і пісьменік Станіслаў Суднік.

Для кнігаманаў такі зборнік – цудоўны падарунак, бо змяшчае творы на любы густ. Тут ёсць месца і лірыцы, і гумару, і філасофіі, і надзённаму. Хтосьці знойдзе нешта важнае для сябе ў паэзіі Адама Міцкевіча, Самсона Пярловіча, Зміцера Арцюха, Марыі Быт, Уладзіміра Гайдука альбо Аркадзя Шынтара. Другіх захопяць вершы Мікалая Гумілёва ў перакладзе на беларускую мову Святланы Абдулаевай. Іншых зацягне проза Міхася Зізюка альбо літаратуразнаўчыя роздумы Наталлі Кузьміч.

А карэліччане, безумоўна, з асаблівым пачуццём прачытаюць творы земляка Алеся Гоцка. Аўтар ужо шмат гадоў жыве ў Навагрудку, але не парывае сувязі з малой радзімай. Карэліцкая вёска Новыя Руткавічы заўжды ў думках творцы. З цеплынёй успамінае Алесь Гоцка бацькоўскую хату, родныя абшары, гады вучобы ў школах у Палужжы і Карэлічах, дзе ўсім сэрцам прыкіпеў да беларускай мовы і літаратуры. Нездарма паэт у сваіх вершах ласкава называе нашу зямлю “матуляй” і зычыць “быць шчасліваму роднаму краю”.

– Не так даўно, у 2014 годзе, выйшаў мой зборнік паэзіі “Іду на Парнас”. А шлях гэты пачаўся на Карэліччыне, – дзеліцца Алесь Гоцка. – Мае карані – маё багацце. Таму і цікаўлюся сваім радаводам, гісторыяй малой радзімы. Менавіта родная зямля дала сілы маім бацькам, простым калгаснікам, каб яны годна выправілі ў вялікі свет чацвёра дзяцей, і тыя атрымалі вышэйшую адукацыю. Творчы лёс звязаў мяне і з раённай газетай “Полымя”, дзе я друкаваў свае вершы. Карэліцкі край – духоўна багаты, велічны, магутны. Тут нарадзіліся, тварылі сапраўдныя волаты духу – Ігнацій Дамейка, Ян Чачот, Янка Брыль і іншыя выдатныя асобы. Памятаю і сваю сустрэчу з Вольгай Іпатавай, менавіта яна пажадала мне “далей пісаць па-беларуску”. А я, у сваю чаргу, зычу землякам, гэтым таленавітым і цудоўным людзям, ісці па жыцці з радасцю, дарыць адзін аднаму цеплыню сэрца і слова, шанаваць мову і гісторыю, каб яны годна працавалі на роднай зямлі, але не забывалі час ад часу глядзець і на зоркі.

Сустрэлі мы на прэзентацыі альманаха і яшчэ аднаго чалавека – Валерыя Петрыкевіча, лёс сям’і якога таксама прайшоў праз Карэлічы. Яго бацька Міхась Петрыкевіч – заслужаны настаўнік Беларусі, краязнаўца і стваральнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея – ў свой час выкладаў родную мову і літаратуру ў Карэліцкай сярэдняй школе. Больш таго, ён сябраваў і ліставаўся з многімі пісьменнікамі – Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Янкам Скрыганам і іншымі літаратарамі.

Сапраўды, столькі надзвычайных людзей і жыццёвых гісторый аб’яднала падчас мерапрыемства роднае слова. Хораша гучала наша мова і ў песнях артыстаў Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў і народнага хора ветэранаў вайны і працы “Радасць”. Такое яднанне слова, музыкі, думкі ператварыла літаратурную падзею ў незабыўнае свята творчай і дзейнай беларускай душы.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара