Кореличчане дарят краеведческому музею раритетные вещи

Карэліцкі раённы краязнаўчы музей працягвае акцыю да свайго 50-годдзя “Твой уклад у летапіс роднай зямлі”. Праект набыў маштаб народнага і знайшоў шырокі водклік у карэліччан.

“Мы шчыра дзякуем усім, хто ўжо прыняў удзел у нашай акцыі. З вашай падтрымкай наш музей зможа зрабіць свае экспазіцыі больш разнастайнымі і цікавымі, – адначыў дырэктар установы Дзмітрый Арцюх. – Хочацца асабліва адзначыць Ганну Раманюк, Ніну Яфрэмаву, Віктара Араб’я, Міхаіла Страшко, Ларысу Шуглю. Дзякуючы такім неабыякавым да гісторыі малой радзімы людзям, у нашым музеі з’явіліся рэдкія фотаздымкі, табліцы па выяўленчаму мастацтву, этажэрка з лазы ручной працы, польскія манеты з выявамі Адама Міцкевіча і Ігнація Дамейкі, зробленая ў 1958 годзе ў Тбілісі талерка з выявай хлопчыка, радыё, значкі, гадзіннікі, чамадан, партсігар і шмат іншых рарытэтных рэчаў”.

Нагадаем, што ў кожнага з вас таксама ёсць цудоўная магчымасць паўдзельнічаць у акцыі, якая дзейнічае да 30 красавіка 2019 года. Калі ў вас дома ёсць старыя фота, дакументы, кнігі, медалі, манеты, прадметы побыту, адзенне, аксэсуары, музычныя інструменты, пласцінкі, карціны, вырабы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, дзіцячыя цацкі і іншыя скарбы з хатняга гарышча альбо сутарэння ды з бабулінага куфра, музей з радасцю прыме ў дар. Таксама вітаюцца электронныя копіі фотаздымкаў і дакументаў, звязаных з гісторыяй Карэліцкага раёна. У музеі гэтыя рэчы набудуць новае жыццё і ўпрыгожаць выставы і экспазіцыі. А імя чалавека, які іх падараваў, будзе занесена ў кнігу набыткаў фондаў установы.

Вынікі акцыі падвядуць 17 мая бягучага года напярэдадні Сусветнага дня музеяў. Наведвальнікі змогуць пабачыць выставу, якую складуць падараваныя экспанаты. Таксама сярод удзельнікаў акцыі вызначаць пераможцаў у 5 намінацыях і узнагародзяць спецыяльнымі прызамі.

У музеі чакаюць новыя экспанаты па адрасу: г.п. Карэлічы, вул. Савецкая, д. 19 з 09.00 да 18.00 у будні (перапынак з 13.00 да 14.00). Даведка па тэлефонах: 8(0 1596) 7-35-75, 8(0 1596) 7-35-65.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара