Кореличчанка Галина Новицкая пригласила земляков в «Сад жизни» (фото+видео)

Усё, да чаго дакранаецца карэліччанка Галіна Ільінічна Навіцкая, напаўняецца асаблівым жыццём. Яе таленавітая душа адгукаецца на прыгажосць прыроды, музыкі, паэзіі непаўторнымі творамі. Таму і сустрэча ў Карэліцкай раённай бібліятэцы пад назвай “Сад жыцця” запомнілася прысутным як надзвычайная культурная падзея.

Поўная зала сяброў вітала сонечным зімовым днём Галіну Навіцкую. А яна разам з вядучымі Аляксандрай Шутко і Тамарай Кардаш падарыла гасцям сустрэчы незабыўныя ўражанні. Для кожнага ў галоўнай гераіні знайшліся добрыя словы і ўсмешка. Бо хоць і нарадзілася яна на Міншчыне, у вёсцы Сунаі, але ўжо даўно стала родным і блізкім чалавекам для многіх карэліччан.

Разам з мужам Баляславам Карлавічам Навіцкім

На творчым вечары Галіна Ільінічна шчодра дзялілася з залай сваёй музыкай, паэзіяй, нарысамі, фотаздымкамі, відэа. Ролікі “Мой свет”, “Сад і жанчына”, “Родны куточак” сталі для прысутных віртуальнымі вандроўкамі па прыгожых беларускіх мясцінах, шчырыя песні закранулі самыя патаемныя струны душы, а гарэзлівыя танцы “падыспань” і “кракавяк” дадалі сустрэчы запалу.

Расказала Галіна Навіцкая і пра свае захапленні рыбалкай, збіраннем зёлак і грыбоў. А як былы медыцынскі работнік распавяла пра важнасць заняткаў спартыўнай хадой і гімнастыкай і на сваім прыкладзе прадэманстравала іх карысць.

Словы падзякі прагучалі ад гераіні творчага вечара ў адрас Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, дзе яна займаецца ў гуртку “Камп’ютарная азбука” пад кіраўніцтвам Аляксандры Шутко, наведвае трэнажорную залу і проста праводзіць шмат радасных гадзін.

Не абыйшла ўвагай Галіна Ільінічна і Карэліцкую школу мастацтваў. Менавіта сюды яна прыйшла, насуперак узросту, авалодваць мастацтвам ігры на акардэоне з дапамогай выкладчыка Алы Шчансновіч. Зараз у марах жанчыны навучыцца выдатна выконваць “Паланэз Агінскага”, а ў будучым яшчэ і заняцца гітарай.

У адказ песнямі, вершамі і пажаданнямі творчых поспехаў віталі гаспадыню сустрэчы Тамара Юрчык, Таццяна Кулак, Антаніна Аўчыннікава, Лілія Арцюх, Яніна Кадлубай, прадстаўнікі ЦСАН і многія іншыя карэліччане.

У гады працоўнага жыцця ў Райцы Галіна Ільінічна дапамагала як акушэрка з’явіцца на свет дзеткам, а зараз, на пенсіі, спрыяе нараджэнню ў сэрцах карэліччан радасці, цеплыні і натхнення.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара