Кореличская районная газета «Полымя» отметила 75-летний юбилей

У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў адбыліся ўрачыстасці з нагоды 75-годдзя газеты «Полымя». Раёнка сабрала сваіх сяброў — ветэранаў рэдакцыі, пазаштатных аўтараў, сацыяльных партнёраў. Прыйшлі раздзяліць радасную падзею прадстаўнікі мясцовай улады і кіраўнікі ўстаноў раёна.
На вастрыі жыцця
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык, падрабязна спыніўшыся на ролі мясцовага выдання на сучасным этапе, адзначыў, што папяровы варыянт газеты не знікне, раёнка павінна імкнуцца несці змястоўную інфармацыю і быць госцем у кожным  доме. Разам з тым трэба прадаўжаць рухацца наперад — выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэта. У газеце «Полымя» шмат робіцца ў гэтым накірунку: дзейнічае сайт, на якім прадстаўлены фота- і відэаматэрыялы, з’яўляюцца новыя аўтары блогаў, праводзіцца шмат конкурсаў для падпісчыкаў.
Чытач раёнкі на яе старонках можа ўбачыць сябе, суседзяў, землякоў. Газета з’яўляецца для многіх акном у свет. «Таму інфармацыя павінна быць аператыўнай і даступнай. Дваццаць першае стагоддзе патрабуе ад чалавека ведаць шмат, і ў гэтым могуць дапамагчы сродкі масавай інфармацыі. Трэба шукаць цікавыя тэмы для публікацый», — адзначыў прамоўца.
Р. Ю. Абрамчык пажадаў журналістам творчых поспехаў, выконваць задумкі і каб раённая газета была самай папулярнай у чытачоў.


З любоўю пра раёнку
Шчыра і пранікнёна гаварылі пра «Полымя» галоўныя ідэолагі вобласці і раёна. Намеснік начальніка аддзела Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Доўнар нагадала, што карэліцкая зямля родная для яе, і першая нататка была надрукавана ў «Полымі». Па яе меркаванні, сёння газета не толькі друкаваная версія. Дзякуючы актыўнай рабоце журналістаў на сайце і ў сацыяльных сетках «Полымя» стала часткаю жыцця многіх жыхароў і выхадцаў з Карэліцкага раёна ва ўсім свеце. Як жывая невычэрпная крыніца малой радзімы, яна раздзяляе радасці і клопаты, поспех і праблемы сваіх землякоў.
«Кожны новы выпуск раённай газеты, як нараджэнне немаўляці. Ты чакаеш свежы нумар у прадчуванні таго, які ён будзе, як успрымуць яго чытачы, якія будуць водгукі, таму з хваляваннем бяру ў рукі раёнку», — адначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук.


За творчае супрацоўніцтва
У начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Асташэвіч з раённай газетай звязаны самыя цёплыя ўспаміны — тут ёй давялося працаваць пэўны час. Зараз           настаўніцкая грамадскасць падтрымлівае творчае супрацоўніцтва з мясцовым выданнем. На думку Ірыны Валер’еўны, калектыву рэдакцыі ўдалося заваяваць грамадскае прызнанне. У яе ёсць свае пазнавальны твар, цвёрды почырк.
Радуе творчае супрацоўніцтва з «Полымя» і дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілію Арцюх. Газетчыкам даводзіцца быць частымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ва ўстанове культуры.
Старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Віктараўна Куляка адзначыла, што кожная рубрыка, кожны радок, кожнае слова, яркі фотаздымак на старонках раёнкі па тэматыцы дзяцінства і сям’і — значная дапамога дзецям, падтрымка ў развіцці сацыяльных праблем, умацаванні дабрабыту сем’яў.


Заўсёды ў пошуку
Сваімі ўспамінамі падзяліліся і ветэраны журналістыкі. Іван Аляксандравіч Шлык прызнаўся, што і сёння застаецца ўдзячны лёсу за любімую справу — больш чатырох дзесяцігоддзяў прысвяціў працы ў газеце. Няпроста падлічыць людзей, з якімі сустракаўся па прафесійным абавязку, пісаў пра іх лёсы, дапамагаў у вырашэнні злабадзённых пытанняў.
Вялікі працоўны стаж у журналістыцы мае і Станіслаў Антонавіч Лука. «Шмат пройдзена і  напісана. З гэтых будняў і складаюцца юбілеі», — адзначыў ветэран.
Больш пяцідзесяці гадоў газета «Полымя» для Леанілы Васільеўны Дзянькевіч з’яўляецца не толькі спадарожніцай, а і супрацоўніцай: яна — актыўны пазаштатны аўтар.
Пра даўняе творчае супрацоўніцтва з раённай газетай «Полымя» паведала яшчэ адзін наш надзейны сябра — Святлана Андрэеўна Кошур з г. п. Карэлічы, якая прайшла шлях ад пазаштатнага аўтара да члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Я працягваю займацца краязнаўчай работай і пісаць, бо люблю свой край і людзей», — прызналася прамоўца.


І словам, і справай
Сёння вялікая роля належыць прафсаюзам, якія ва ўсе часы знаходзіліся на абароне  інтарэсаў людзей. На ўрачыстасці з нагоды юбілею адрасоўвалі шчырыя і пранікнёныя словы старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка і прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля Казарэз, а таксама — пажарнай і паштовай службаў раёна, якія цесна супрацоўнічаюць з раённай газетай. На свята завітаў благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса.

 


Падарылі радасць
Ганаровай граматай старшыні раённага выканаўчага камітэта  адзначана праца галоўнага бухгалтара ўстановы «Рэдакцыя газеты «Полымя» Алены Уладзіміраўны Адзярэйка, а Падзячнымі пісьмамі рэдакцыі — актыўныя пазаштатныя аўтары.
На свяце быў адзначаны пераможца перад’юбілейнай віктарыны на тэму: «Што вы ведаеце пра раённую газету?» жыхар райцэнтра Баляслаў Карлавіч Навіцкі.
Да юбілею газеты УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» падрыхтаваў выставу «Яны стваралі раённую газету». Была прадстаўлена і персанальная фотавыстава работ фотакарэспандэнтаў — «Ад фотастужкі да лічбы», экспазіцыя «Гісторыя Карэліччыны», выстава газет ад 1944 да 2019 года.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАСЦЮК
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ