От Германии до Мира. На Кореличчину вернулись отреставрированные портреты Радзивиллов

У сярэдзіне студзеня калекцыя партрэтаў Мірскага замка папоўнілася дзвюма значнымі работамі, якія на працягу чатырох месяцаў праходзілі рэстаўрацыю ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Партрэты Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і Ганны Радзівіл з роду Мыцельскіх занялі пачэснае месца там, дзе гісторыя ўпісала іх імёны ў вечнасць.

На дадзены момант убачыць унікальныя палотны можна ў Слановай зале: там яны праходзяць адаптацыю. У памяшканні створаны найбольш прымальныя тэмпературныя і вільготныя ўмовы – менавіта па гэтай прычыне карціны будуць захоўвацца тут яшчэ каля месяца. Да таго ж кіраўніцтва музея зрабіла замову на спецыяльныя экспазіцыйныя рамы, таму сваё пастаяннае месца партрэты прадстаўнікоў знакамітага роду зоймуць крыху пазней. Прадстаўленыя экспанаты ў першую чаргу ўнікальныя сваімі памерамі, якія складаюць 230х140 мм. Так, кожны з партрэтаў з’яўляецца роставым і ў некалькі разоў большы за ўсе існуючыя ў Мірскім замку. Палотны XIX стагоддзя былі набыты з прыватнай калекцыі князя Канстанціна Гагенлое-Шылінгсфюрста, а стварэнне арыгінальных копій адбылося ў Вільні.

 Пытанне рэстаўрацыі нават не стаяла, бо былое месца захоўвання – цёмны Шылінгсфюрсцкі замак – стварала не самыя лепшыя для патрэтаў умовы. Адказнасць за рэстаўрацыю узяў на сябе Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, але варыянтаў, каму даручыць такую важную справу, у кіраўніцтва Мірскага замка было шмат.

– Гэтае пытанне вырашалася на працягу паўгода, – расказвае загадчык аддзела ўліку і захоўвання музейных фондаў Алена Уладзіміраўна Дзеніс. – Мы праводзілі тэндэр, спрабавалі знайсці той варыянт, які б падыходзіў нам лепш за астатнія, і ў выніку адказная місія за аднаўленне партрэтаў узлегла на Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

Важна адзначыць, што партрэты прайшлі рэнтгенаўскае і інфрачырвонае выпраменьванні, падчас якіх была выяўлена іх галоўная складанасць. Заключалася яна ў няякаснай працы мастакоў, якія займаліся рэстаўрацыяй раней. Таму тыя фрагменты карцін, якія сапсавалі непрафесіяналы, патрабавалі ад супрацоўнікаў Нацыянальнага музея больш дэталёвай працы.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара