Открытие новой школы, издание книги «Память», призы для победителей. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1989-1999 годах

Адкрыццё новай школы, выданне кнігі «Памяць», прызы для пераможцаў. Цікавыя падзеі, пра якія пісала раённая газета «Полымя» ў 1989-1999 г.г.

? 13 красавіка 1989 года

Работнікі вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёлета многа зрабілі па азеляненню райцэнтра. У Беларускім батанічным садзе загадзя набылі розныя дэкаратыўныя дрэвы. Яны пасаджаны ў скверы ля РДК. Тут выкарысталі для азелянення дуб, ліпу, рабіну, ёлку. А на вуліцы Гагарына, уздоўж шашы, пасаджана ясеневая алея. Разбіты сквер паміж кінатэатрам і Карэліцкай сярэдняй школай. Тут размясцілі каштаны, ліпу, вярбу. Усяго пасаджана каля 200 дрэў.

? 31 ліпеня 1990 года

Чарговая, трэцяя па ліку, група работнікаў аўтапарку №8 адправілася на адпачынак у Херсонскую вобласць, на ўзбярэжжа Чорнага мора. Зваротным рэйсам аўтобуса вернуцца дахаты 15 вадзіцеляў і рамонтнікаў, якія правялі там два тыдні. Аўтапарк у ліку дзесяці гаспадарак абласнога ўпраўлення пабудаваў на поўдні сваю базу. У доміку, дзе спланавана чатыры пакоі, на тры месцы і адзін на два месцы, прадугледжаны пэўныя зручнасці. Няма нараканняў і на харчаванне, бо і гэтае пытанне па-гаспадарску вырашана. Застаецца дадаць, што больш як дзве трэці кошту пуцёўкі бярэ на сябе прадпрыемства.

? 24 верасня 1991 года

Месячнік добрых спраў праходзіць зараз у дапамогу Чырвонаму Крыжу. Ён аб’яўлены абласным камітэтам Таварыства Чырвонага Крыжа і прысвячаецца 70-годдзю стварэння Беларускага ЧК. На верасень выбар быў зроблены не выпадкова. Гэта час падрыхтоўкі да халоднага перыяду года. Адзінокія састарэлыя людзі якраз маюць патрэбу ў дапамозе, бо часта яны не ў сілах запасціся на зіму агароднінай, уцяпліць сваё жыллё, дабыць паліва. Сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа пастаянна трымаюць гэтыя пытанні і патрэбы ў полі зроку.

? 5 верасня 1992 года

Сёлета для школьнікаў Красненскай сярэдняй школы асабліва знамянальны гэты дзень. Тут адкрылася новая школа. Цёпла, ад усёй душы дырэкцыя, бацькі вучняў дзякавалі старшыні калгаса, будаўнікам за гэты цудоўны будынак. У адказ яны пажадалі дзецям толькі добрых і выдатных ведаў.

? 6 лютага 1993 года

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне камісіі па выданню раённай кнігі «Памяць». Старшыня раённай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама А. І. Самец паведаміў членам камісіі і запрошаным на пасяджэнне, у якім стане знаходзіцца работа над гэтым выданнем. Работа над зборам матэрыялаў практычна завершана, зараз ідзе падрыхтоўка рукапісаў да здачы непасрэдна ў набор. З выдавецтвам «Полымя» заключана дамова на выпуск кнігі арыентыровачна ў 1993-1994 годзе. Райвыканкам пералічыў выдаўцам грашовы ўзнос — 1 мільён 480 тысяч рублёў. Адначасова на пасяджэнні вялася размова аб тым, каб дапоўніць кнігу матэрыяламі аб рэпрэсіраваных жыхарах раёна і шмат яшчэ трэба зрабіць, каб аздобіць «Памяць» разнастайнай і якаснай фотаілюстрацыяй.

? 19 лютага 1994 года

У студзені на сходзе ўпаўнаважаных калгаса «Сцяг Леніна» было прынята рашэнне аб перайменаванні гаспадаркі. Выканкам раённага Савета падтрымаў рашэнне калгаснікаў і хадайнічаў аб гэтым перад аблвыканкамам. Выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў прыняў рашэнне перайменаваць калгас «Сцяг Леніна» ў калгас «Лукі».

? 19 кастрычніка 1995 года

Новы напрамак у сельскагаспадарчай вытворчасці з’явіўся ў калгасе імя Чарняхоўскага. Спачатку перапрацоўку ўласнага малака наладзілі на жывёлагадоўчай ферме «Загор’е», а потым, пераканаўшыся ў перспектыўнасці выбранага шляху, — наладзілі перапрацоўку сыравіны ў пуставаўшым будынку былога дома састарэлых. Пяць чалавек абслугоўваючага персаналу на чале з начальнікам І. С. Шавейкам здольны перапрацоўваць за суткі 10 тон малака, або ўсю прадукцыю, атрыманую на фермах гаспадаркі. Смятанка, атрыманая ў цэху, адпраўляецца на малаказавод, а адгон — на выпайку маладняку буйной рагатай жывёлы і свіней.

? 18 красавіка 1996 года

Таццяна Арда

Мнагалюдна было ў панядзелак, 15 красавіка, на плошчы гарадскога пасёлка Карэлічы. Тут адбываліся народныя гулянні з нагоды Вялікоднага свята. Адкрываючы іх, вядучыя прадаставілі слова благачыннаму Карэліцкай акругі айцу Аляксею Мірановічу, які павіншаваў прысутных са святам. Затым са святочнай праграмай выступілі госці Карэліч — самадзейныя артысты Стаўбцоўскага раёна.

? 6 лістапада 1997 года

Карэліцкая зямля багатая на знакамітых людзей у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, чыя нястомная праца была ў свой час удастоена высокай урадавай узнагароды — Героя Сацыялістычнай Працы. Іх вопыт і прыклад карысныя і зараз, таму раённы выканаўчы камітэт устанавіў прызы Герояў Сацыялістычнай Працы — Евы Раманаўны Карачан, Вольгі Лукінічны Калоша, Надзеі Сцяпанаўны Трускоўскай, Яўгеніі Іосіфаўны Юшко, Таццяны Рыгораўны Арда, Тамары Уладзіміраўны Чубрык, Яфіма Іванавіча Фаменкі, Аляксандра Міхайлавіча Моката — для ўручэння гаспадаркам раёна і іх структурным падраздзяленням за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

? 31 кастрычніка 1998 года

У маі праўленне калгаса імя Царука прыняло рашэнне аб адкрыцці цэха па выпуску макаронных вырабаў. А паколькі сваёй пшаніцы хапае, то праблем з мукой не было, дзякуючы добрым сувязям з Лідскім заводам хлебапрадуктаў, дзе давальніцкае збожжа абменьвалася на якасную муку. Выпушчана больш 15 тон макаронаў, якія адпавядаюць высокім смакавым якасцям і карыстаюцца попытам у насельніцтва нашага раёна. Іх рэалізуюць не толькі ў сваім магазіне, але і спажывецкай кааперацыі. З пачатку года выручка склала 273 мільёны рублёў.

? 5 чэрвеня 1999 года

Усебакова рыхтуюцца да 55-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня незалежнасці работнікі спажывецкай кааперацыі раёна. Напярэдадні вялікага свята тут праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванні гандлёвых кропак і тэрыторый, якія прылягаюць да іх. Многія магазіны будуць адрамантаваны: пафарбаваны вокны, дзверы, фасады будынкаў, а каля іх размесцяцца клумбы для кветак. Гандлёвыя кропкі ў вёсках Кайшоўка і Машэвічы вырашана пераспецыялізаваць у гаспадарчыя магазіны ці нарыхтоўчыя пункты. А напярэдадні Дня Рэспублікі вырашана правесці агляд-конкурс магазінаў.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота з фондаў Красненскай сярэдняй школы і адкрытых інтэрнэт-крыніц