Рейд ГАИ по предупреждению правонарушений на нерегулируемых пешеходных переходах в Кореличах прошел успешно

З 21 па 29 студзеня ў Карэліцкім раёне Дзяржаўтаінспекцыяй праведзены спецмерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ, звязаных з парушэннямі вадзіцелямі транспартных сродкаў правіл праезду перакрыжаванняў, пешаходных пераходаў, а таксама незахоўваннем дыстанцыі. Указаны перыяд адзначаны і першым у 2019 годзе Адзіным днём бяспекі дарожнага руху, які прыпаў на 25 студзеня, падчас якога супрацоўнікі АДАІ АУС Карэліцкага райвыканкама разам з газетай “Полымя” здзейснілі рэйд.

Пешаходны пераход па вуліцы Гагарына насупраць рынку знаходзіцца на асаблівым кантролі. Як адзначыў начальнік АДАІ АУС райвыканкама Аляксандр Парфёнка, такая пільная ўвага да гэтага ўчастку выклікана тым, што 8 лютага 2018 года тут адбыўся наезд на пешахода. Пасля чаго ў раёне была ўзмоцнена прафілактычная работа і павялічана колькасць рэйдавых мерапрыемстваў. Вынікам чаго стаў рост выяўлення і папярэджання правапарушэнняў па непропуску пешаходаў на нерэгулюемых пешаходных пераходах: з 53 выпадкаў у 2017 годзе да 71 – у 2018-м.

25 студзеня, дзякуючы зладжанай працы інспектараў ДПС Карэліцкага РАУС малодшага лейтэнанта міліцыі Мікалая Грынько і лейтэнанта міліцыі Яўгенія Шавейкі, падчас рэйду былі выяўлены 3 факты правапарушэння па непропуску пешаходаў. З вадзіцелямі правялі прафілактычную размову і выпісалі штрафы ў памеры 1 базавай велічыні.

Варта адзначыць, што такія сітуацыі кіруюцца артыкулам 18.14 часткай 6 пунктам 9.9 КоАП Рэспублікі Беларусь і прадугледжваюць штраф ад 1 да 5 базавых велічынь. Але са спасылкай на тое, што на працягу года ў вадзіцеля не было аналагічных правапарушэнняў. У адваротным выпадку супрацоўнікі ДАІ звернуцца да артыкула 18.14 часткі 12, што прывядзе да штрафа ў памеры да 8 базавых велічынь.

Узаемапавага на дарозе не каштуе нікому з удзельнікаў руху ні капейкі, і між тым яна бясцэнная ў пытанні захавання здароўя і жыцця людзей.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара