Самый высокий показатель в Гродненской области: в Кореличском районе темп роста валовой продукции сельского хозяйства составил 13,5%

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна і выкананне бюджэту за 2018 год, задачы на 2019 год абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама. У рабоце выканкама прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вольга Папко і першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдко.

— Па выніках працы за 2018 год у раёне назіраецца станоўчая дынаміка па большасці параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця, выконваецца абсалютная большасць ключавых паказчыкаў і дадатковых заданняў, — адзначыў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Шайбак. — Сельская гаспадарка — гэта махавік эканомікі нашага раёна. Па выніках мінулага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 127 млн рублёў, або 107,8% да ўзроўню мінулага года. Прыбытак ад рэалізацыі — 18 млн 311 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 19,1%, рэнтабельнасць продажу — 14,4%. За апошнія 4 гады ў Карэліцкім раёне тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 13,5%. Гэта самы высокі паказчык у Гродзенскай вобласці.

Дакладваючы аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч падкрэсліў:

— Па выніках працы за 2018 год тэмп росту экспарту тавараў склаў 216,1% пры прагнозе 109,1%, экспарту паслуг — 116,6% пры прагнозе 105,9%. Акрамя таго, забяспечана выкананне дадатковых заданняў па вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях — 101,6% пры прагнозе 101,3%, рознічным тавараабароце — 104,3% пры прагнозе 103,4%, уводзе жылля — 3060 квадратных метраў пры заданні 3 тысячы квадратных метраў.

Не забяспечана выкананне ключавых паказчыкаў па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Так, прыцягнута 48,5 тысяч долараў ЗША пры прагнозе 50 тыс. долараў ЗША. Не выкананы паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы: працаўладкавана 29 чалавек пры прагнозе 50.

Падрабязна прааналізаваў Ігар Лазарэвіч становішча спраў у сельскай гаспадарцы раёна. Так, вытворчасць малака ў 2018 годзе склала 78748,3 тоны, або 101,1% да ўзроўню 2017 года, што з’яўляецца пятым вынікам сярод раёнаў Гродзенскай вобласці. Сярэдні надой на карову склаў 6032 кг малака, плюс 60 кг да ўзроўню 2017 года. Дарэчы, гэта чацвёрты паказчык на Гродзеншчыне. На перапрацоўчыя прадпрыемствы рэалізавана 71152,9 тон малака ў заліковай вазе.

Вырашчана буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе 6692 тоны, або 100,7% да ўзроўню 2017 года. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ склалі 721 грам. Па выніках працы за 2018 год гэты паказчык з’яўляецца другім вынікам у Гродзенскай вобласці і вышэй за сярэднеабласны на 81 грам.

Кіраўнік раёна Віктар Шайбак адзначыў, што гэтыя паказчыкі маглі быць вышэйшымі, калі б невытворчае выбыццё буйной рагатай жывёлы ў некаторых сельгаспрадпрыемствах знаходзілася ў рамках нарматыву. Адной з прычын зніжэння захаванасці жывёл з’яўляецца недастатковая аснашчанасць гаспадарак раёна ветэрынарнымі спецыялістамі, невыкананне правілаў тэхнічнага рэгламенту па пытаннях утрымання жывёл.

У чацвёрцы наймацнейшых раёнаў вобласці Карэліччына знаходзіцца па такім паказчыку, як вытворчасць свініны. У 2018 годзе выраблена 7400,6 тон свініны, або 124,6% да ўзроўню 2017 года. Сярэднясутачныя прывагі склалі 696 грамаў, што на 85 грамаў больш за ўзровень 2017 года.

На пасяджэнні райвыканкама заслуханы вынікі выканання бюджэту раёна за 2018 год і намечаны задачы па выкананні бюджэту на 2019 год, з якімі азнаёміў удзельнікаў пасяджэння начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Дарашэнка.

— У кансалідаваны бюджэт Карэліцкага раёна паступіла 14 377,7 тысяч рублёў уласных даходаў, забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 101,3%. У адносінах да 2017 года паступленні павялічыліся на 524,7 тыс. рублёў, або 104%. Найбольшую ўдзельную вагу ў даходах бюджэту раёна займаюць паступленні ад ТАА «Вікас», СВК «Лукі-Агра», Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка». Бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у памеры 1 312,4 тысячы рублёў.

Як і ў папярэднія гады, захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту. Асноўную долю ў выдатках бюджэту раёна, або 72,9%, займае сацыяльная сфера — на яе фінансаванне накіравана 20 756 тысяч рублёў.

Рашэннем райвыканкама намечаны меры па забеспячэнні станоўчай дынамікі росту эканомікі раёна, выкананні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ў бягучым годзе. Прыняты да выканання раённы бюджэт на 2019 год.

Іна ЛЕЙКА