Танцевальные вечера, турпоходы и сбор металлолома. Выпускники Лукской средней школы ностальгируют по годам учебы

? Здаецца, што школьныя гады цягнуцца бясконца. Але 11 класаў пралятаюць імгненна. Разлятаюцца выпускнікі па свеце. Хтосьці знаходзіць сябе ў вялікім горадзе альбо за мяжой. Іншыя вяртаюцца на малую радзіму.

25 гадоў таму прагучаў апошні званок для выпускнікоў 11 класа Лукскай сярэдняй школы Сяргея Міхалкевіча, Аляксея Кавальчука і Аксаны Булгак (Самец), жыццёвы шлях якіх сёння пралягае праз родную Карэліччыну. Лукскія выпускнікі з радасцю дзеляцца сваімі ўспамінамі аб школьным жыцці і выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці настаўнікам, якія заклалі паспяховы падмурак дарослага жыцця.

? Сяргей МІХАЛКЕВІЧ,
дырэктар ДУА “Лукская сярэдняя школа”:

– Вясёлыя і бесклапотныя школьныя гады, надзейныя сябры і дружны клас. Сапраўды, клас у нас быў вельмі дружны. Нягледзячы на тое, што пасля заканчэння школы прайшло два з паловай дзесяцігоддзі, мы працягваем падтрымліваць сяброўскія сувязі і сустракацца ў сценах роднай школы. Успамінаем, як збіралі макулатуру і металалом, усім класам прасіліся ехаць на бульбу. Так званую “зялёную” школу, калі аднакласнікі з аддаленых вёсак, якія пешшу хадзілі ў школу, маглі альбо спазніцца, альбо зусім не трапіць на ўрокі. Безумоўна, асаблівая ўдзячнасць усім настаўнікам, якія не толькі давалі трывалыя веды, але і падтрымлівалі ў розных жыццёвых сітуацыях. Калі сустракаемся, абавязкова наведваем былога класнага кіраўніка Валянціну Міхайлаўну Гарон, якая таксама вельмі рада нашым сустрэчам.

? Аляксей КАВАЛЬЧУК,
трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП “Лукі-Агра”:

– Танцавальныя вечары і экскурсіі, гульня “Каханне з першага погляду” і ўрачыстасці напярэдадні святаў. Добра памятаю, як мяне з-за высокага росту выбіралі Дзедам Марозам на навагодніх ранішніках. Усе мерапрыемствы нашым класам успрымаліся на “ўра”. Ніхто ніколі не адмаўляўся ад удзелу ў грамадскім жыцці. У памяці застаўся турыстычны паход на Нёман, які стаў своеасаблівай традыцыяй дзесяцікласнікаў. Мы самі распальвалі вогнішча, гатавалі ежу, жылі ў палатках. Такія моманты не забываюцца. Здаецца, што выраз “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” – менавіта пра наш клас.

? Аксана БУЛГАК (САМЕЦ),
настаўнік-дэфектолаг ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця Карэліцкага раёна»:

– Сёння сацыяльныя сеткі адкрываюць вялікі прастор для камунікавання. Нягледзячы на тое, што мы з аднакласнікамі перапісваемся, тэлефануем адзін аднаму, усё роўна ніколі не выпускаем магчымасці сустрэцца асабіста. Нават сем’ямі сустракаліся. Вы не ўяўляеце, колькі ў нас сумесных успамінаў і вясёлых гісторый. Памятаю, як усім класам весела вытанцоўвалі на музычных вечарах, спявалі па ролях “Брэменскіх музыкаў”. Сяброўства выручала і ў вучобе. Ніколі не было такога, каб хтосьці не даў спісаць хатняе заданне (усміхаецца). І на ўроках падказвалі адзін аднаму. Ды і сёння кожны з нас можа разлічваць на падтрымку і дапамогу аднакласнікаў. Абсалютна ўпэўнена ў тым, што школьнае сяброўства не вымяраецца гадамі.

Запісала Аксана ЯНУШ
Фота з архіва Лукскай сярэдняй школы