В Кореличах определили победителей районной олимпиады на знание правил дорожного движения

У якіх толькі алімпіядах не ўдзельнічаюць школьнікі! Але бадай што адным з самых важных з’яўляецца інтэлектуальны турнір на веданне правілаў дарожнага руху. 9 лютага, у суботу, у сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы адбылася раённая алімпіяда на веданне правілаў дарожнага руху.

Па словах старшага дзяржаўтаінспектара Юрыя Шпакоўскага , у гэтым годзе дзеці рыхтаваліся адказваць на пытанні на веданне правільных паводзінаў веласіпедыстаў. І гэта не выпадкова: у 2017 і 2018 гадах у Карэліцкім раёне адбылося два дарожна-транспартных здарэнні з удзелам юных веласіпедыстаў. На шчасце, дзеці моцна не пацярпелі, але факт застаецца фактам: не ўсе школьнікі ведаюць правілы паводзін на дарогах.

У алімпіядзе прынялі ўдзел 26 школьнікаў з 13 устаноў адукацыі раёна. У выніку на першым месцы аказаліся Лідзія Дручык з Ярэміцкай сярэдняй школы і Аляксандр Ваўчок з Лукскай СШ, на другім — Анастасія Жукоўская (Баранавіцкая сярэдняя школа) і Сяргей Свірыд (СШ №2 райцэнтра), на трэцім — Паліна Сіроціна з Райцаўскай сярэдняй школы і Уладзіслаў Каралько з Райцаўскай СШ. Дарэчы, Лідзія Дручык другі год запар становіцца пераможцай алімпіяды сярод дзяўчынак, і на гэты раз прадэманстравала самы лепшы вынік па часе: змагла рашыць білет за 1 хвіліну 22 секунды. Вынік пераможцы сярод хлопчыкаў Аляксандра Ваўчка — 1 хвіліна 30 секунд.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад старшага дзяржаўтаінспектара Юрыя Шпакоўскага, метадыста раённага метадычнага кабінета Наталлі Ардзюк і старшыні раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Іны Санчук.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара