В Кореличском районе готовность сельхозтехники к посевной кампании составляет 85 процентов

Сказаць дакладна, калі пачнецца пасяўная кампанія 2019 года, ніхто не бярэцца. Адназначна адно: зіма здае свае пазіцыі, і ў хуткім часе сельскагаспадарчая тэхніка выйдзе ў поле. Таму задача нумар адзін, якая сёння стаіць перад інжынернай службай раёна, – якасны і эфектыўны рамонт землеапрацоўчай і пасяўной тэхнікі.

Механізатары СВК «Маяк-Заполле» Мікалай Сялецкі і Яўгеній Лісоўскі

Не сакрэт, што гатоўнасць сельгастэхнікі ў значнай ступені залежыць ад фінансавых магчымасцей той ці іншай гаспадаркі. У выніку гэтага агульнараённыя 85 працэнтаў падрыхтаванай тэхнікі сталі рэальнасцю дзякуючы высокаму ўзроўню гатоўнасці такіх буйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як СВК “Жухавічы”, СВК “Свіцязянка-2003”, КСУП “Лукі-Агра”, ААТ “Карэлічы-Лён”, ДП “Племзавод ”Карэлічы”. Да пералічаных гаспадарак адносіцца і СВК “Маяк-Заполле”, дзе на сённяшні дзень падрыхтавана каля 70 працэнтаў тэхнікі.

Выйшаўшы з водпускаў, механізатары мехмайстэрняў “Паланая” ўшчыльную прыступілі да рамонтных работ. Усе запчасткі закуплены, таму, як кажуць, справа за часам.

– Можна сказаць, што падрыхтоўка да пасяўной кампаніі-2019 пачалася з восені 2018 года, – адзначыў галоўны інжынер СВК “Маяк-Заполле” Алег Анікій. – Напрыклад, плугі, якія не патрабуюць складанага рамонту, былі пастаўлены на зімовае захоўванне гатовымі да пасяўнога сезона. Увогуле, значная частка землеапрацоўчай і пасяўной тэхнікі падрыхтавана да выхаду ў поле. На камбініраваных агрэгатах заменены рабочыя органы, на сеялках – высявальныя агрэгаты. Сіламі механізатараў мехмайстэрняў адрамантаваны два энерганасычаныя трактары: у адным быў праведзены рамонт рухавіка, у другім – механічнай каробкі пераключэння перадач. Не застаюцца без увагі і раскідвальнікі мінеральных угнаенняў, некаторыя з якіх працуюць ужо каля двух дзясяткаў сезонаў. Але ў хуткім часе парк сельскагаспадарчай тэхнікі СВК “Маяк-Заполле” папоўняць новыя адзінкі: раскідвальнік і энерганасычаны трактар.

Такім чынам, на мехмайстэрнях “Паланая” маецца дастатковая колькасць сельскагаспадарчай тэхнікі, каб у аптымальныя агранамічныя тэрміны закласці ўраджай бягучага года.

– Плануем пасеяць 300 га цукровых буракоў, 250 га кукурузы, 250 га ячменю, 60 га яравой пшаніцы, – расказаў упраўляючы другім вытворчым участкам СВК “Маяк-Заполле” Вячаслаў Трафімчык. – Да таго ж пад ураджай-2019 закладзена 700 га азімай пшаніцы, 200 га азімага трыцікале, 150 га азімага рапсу. У сціслыя тэрміны правесці асеннюю пасяўную дазволіла набытая ў мінулым годзе сеялка Lemken Solitair-12 з захватам 12 метраў.

Паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці механізатарам неабходна да сярэдзіны сакавіка, калі ў гаспадарцы пройдзе тэхнічны агляд машынна-трактарнага парка.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара