Выпускники Циринской школы встретились через 40 лет


Калі ў школу на вечар сустрэчы прыходзяць былыя выпускнікі, а цяпер студэнты ці тыя, хто ўжо працуе, але мае адносна невялікі стаж работы, гэта з’ява звычайная. Бо ў памяці такіх выпускнікоў яшчэ свежыя школьныя вечары, і кабінеты, і настаўнікі. Але неяк не зусім прывычна сустракаць у школе тых, хто вучыўся ў ёй некалькі дзясяткаў гадоў таму назад, даўно мае ўнукаў, хто ўжо завяршыў свой працоўны шлях і цяпер знаходзіцца на пенсіі.
Такая сустрэча адбылася нядаўна ў Цырынскай сярэдняй школе. У школу на вечар сустрэчы прыйшлі тыя, хто скончыў школу 40 год таму назад, у 1979 годзе. Заканчвалі школу юнакі і дзяўчаты, якія мала ведалі жыццё, якіх апякалі бацькі. Скончылі школу, каб пайсці ў самастойнае жыццё. А я, у той час дырэктар Цырынскай школы, выдаў атэстаты і пуцёўкі ў жыццё. Выдаў у цвёрдай упэўненасці, што яны іх апраўдаюць далейшай вучобай, працай, паводзінамі, усім сваім жыццём. Атэстаты аб сярэдняй адукацыі тады атрымалі амаль 60 выпускнікоў. А цяпер былыя вучні прыйшлі ў школу, каб зрабіць у ёй справаздачу. І зразумела, большая частка жыцця пражыта, можна ацаніць, ці добра яно пражыта.
Сустрэча была хвалюючай. Сустрэліся старыя сябры, каб сказаць, што жыццё пражыта недарэмна. Сказаць, што яны ўдзячны школе за атрыманыя веды, за падрыхтоўку да жыцця. Гэта словы людзей, што дастойна пражылі дзясяткі гадоў, працавалі, стваралі сем’і, гадавалі і выхоўвалі дзяцей, унукаў. І так цікава было слухаць, як сівеючыя аднакласнікі ўспаміналі свае школьныя гады. Успаміналі і настаўнікаў, што ўжо пайшлі з жыцця, але так многа зрабілі для іх.
Хочацца адзначыць тую вялікую працу, якую правёў былы выпускнік Уладзімір Кавальчук, каб сабраць сваіх аднакласнікаў на вечар сустрэчы.
Развітваючыся, былыя аднакласнікі дамовіліся сустрэцца праз 45 год пасля заканчэння школы, у 2024 годзе. І я ўпэўнены, што яны абавязкова сустрэнуцца. Такія яны людзі!

Пётр САЧЫЎКА,
былы дырэктар школы, агр. Цырын