Хоккеисты Лукской средней школы стали абсолютными чемпионами районной «Золотой шайбы» (фото+видео)

? Студзень для юных хакеістаў Карэліччыны стаў месяцам лядовых баталій. У аграгарадку Лукі прайшлі раённыя спаборніцтвы па хакеі “Залатая шайба”.

? 26 студзеня на лёд выйшлі юнакі 2002-2004 гадоў нараджэння – прадстаўнікі каманд Жухавіцкай і Лукскай сярэдніх школ, а таксама СШ №2 г.п. Карэлічы.

У выніку напружанай і месцамі жорсткай барацьбы гаспадары сустрэчы не пакінулі шансаў супернікам. У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у лукскіх школьнікаў, другое – у хлопцаў з райцэнтра, трэцяе – у прадстаўнікоў жухавіцкай каманды.

? Гарачымі выдаліся і паядынкі 30 студзеня ва ўзроставай катэгорыі 2005-2007 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах узялі удзел ужо 4 каманды: Жухавіцкай і Лукскай сярэдніх школ, СШ №1 і СШ №2 г.п. Карэлічы.

Трэнеры не шкадавалі слоў для матывацыі, спартсмены – сіл для перамогі, а гледачы – голасу для падтрымкі.

У барацьбе за трэцяе месца сышліся прадстаўнікі Карэліч. Лепшы вынік прадэманстравала каманда СШ №2 (трэнер Эдуард Пацына). Такім чынам, юнакі з СШ №1(трэнер Марына Макар) сталі чацвёртымі.

Жухавіцкія школьнікі (трэнер Яўгеній Крывашэя) хоць і занялі другое месца, уступіўшы лукскім (трэнер Уладзімір Грэмяка), затое здзівілі сваім складам. Яны сталі адзінай камандай, за якую нараўне з юнакамі іграла дзяўчына – васьмікласніца Карына Жынко.

Арганізатары спаборніцтваў з Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба адзначылі добры ўзровень гульні ўсіх удзельнікаў і нагадалі, што лепшыя юныя спартсмены ўвойдуць у склад зборнай нашага краю. Менавіта ім наканавана ў хуткім часе абараняць спартыўны гонар раёна на абласным узроўні.

Пераможцаў спаборніцтваў павіншавалі і прадстаўнікі РК ГА “БРСМ” – першы сакратар Яўгеній Пархамовіч і галоўны бухгалтар Аксіння Ждан, якія ўручылі хакеістам дыпломы.

? Радасна, што нашы школьнікі дэманструюць такія поспехі ў зімовых відах спорту. Гэтаму спрыяе і тое, што апошнія гады надаецца вялікая ўвага забеспячэнню спартыўным інвентаром вучэбных устаноў рэгіёна. За сродкі абласнога бюжэту набыта 1,4 тысячы пар лыж і інвентару для школ Гродзеншчыны.

Фота з архіва сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы

У Карэліцкім раёне ў гэтым накірунку таксама вядзецца значная праца. Безумоўна, нашы школы яшчэ не ўкамплектаваныя спартыўным інвентаром на 100%, сёння лічба складае 84,8%. Затое нядаўна тры ўстановы адукацыі атрымалі выдатны зімовы падарунак ад раёна. На суму 3 тысячы рублёў былі набыты 30 адзінак лыжнай экіпіроўкі – гэта лыжы, бацінкі, палкі, мацаванне для лыж (17 – для сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, 7 – для Ярэміцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, 6 – для Баранавіцкай сярэдняй школы). Спадзяёмся, што такі ўдалы сплаў таленавітых вучняў і педагогаў разам з належнай матэрыяльнай базай стануць выдатным падмуркам для новых перамог карэліцкіх спартсменаў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

? ФОТАМОМАНТЫ ЛЯДОВЫХ БАТАЛІЙ