Багацце і гонар нашай зямлі. Прадстаўнікі мясцовай ўлады сустрэліся з карэліччанкамі (фота)

? Традыцыйная сустрэча напярэдадні 8 Сакавіка кіраўніцтва раёна з карэліцкімі жанчынамі яскрава прадэманстравала, што для чароўнай паловы чалавецтва няма нічога немагчымага. Паспяховыя, прыгожыя, таленавітыя, яны з’яўляюцца багаццем і гонарам нашага краю.

Дваццаць карэліччанак, прадстаўніц розных сфер дзейнасці ад сельскай гаспадаркі і прамысловасці да адукацыі і культуры, 7 сакавіка на некалькі гадзін пакінулі сямейныя і прафесійныя клопаты, каб стаць галоўнымі гераінямі ўрачыстасці.

Пачалося мерапрыемства з экскурсіі ў свет прыгажосці. Дырэктар Карэліцкага РЦКіНТ Наталля Гароднік правяла прысутных па экспазіцыі карцін і вырабаў народных майстроў. А начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Санчук стварыла рамантычны і настальгічны настрой, запрасіўшы жанчын ў рэтра-падарожжа з дапамогай старых фотаальбомаў з фондаў раённага краязнаўчага музея.

Выклікала інтарэс у гасцей і святочная фотазона ў вясновым настроі, дзе кожны мог зрабіць здымак на памяць. А за кубкам кавы і гарбаты разам з прадстаўнікамі мясцовай ўлады карэліччанкі абмеркавалі надзённае.

У сваім выступленні намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Руслан Абрамчык звярнуўся да жанчын у першую чаргу як да маці і закрануў шэраг звязаных з дзецьмі пытанняў па сацыяльнай абароне, адукацыі, здароўі, адпачынку: «Нішто ў свеце не заменіць дзіцяці вашу цеплыню і пяшчоту. Бо ўсё лепшае пачынае фарміравацца ў чалавеку з любові ў сям’і. І менавіта вы, нашы дарагія жанчыны, лепшыя і надзейныя памочнікі для нашай дзяржавы ў выхаванні падрастаючага пакалення. Мы ўдзячныя вам за подзвіг мацярынства і абяцаем як прадстаўнікі ўлады, што будзем заўжды побач і на ахове вашых інтарэсаў!»

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч таксама падкрэсліў выключныя заслугі карэліччанак у поспехах нашага раёна. У прыватнасці, размова ішла пра дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці і шырокія планы на будучыню: «Сёння жанчыны ўпэўнена займаюць лідарскія пазіцыі ў розных сферах. А мы, мужчыны, зробім усё магчымае, каб вы адчувалі сябе ў бяспецы і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні!»

З музычнымі віншаваннямі завіталі на сустрэчу выкладчыкі і вучні Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, а прафсаюзы паклапаціліся пра «цёплыя» падарункі для жанчын.

Шматдзетная маці, аператар машыннага даення з СВК «Маяк-Заполле» Наталля Кажушка шчыра прызналася, што шасцёра сыноў заўжды ўладкоўваюць для яе добрае свята на 8 Сакавіка і гэта найлепшы падарунак, але і такія знакі ўвагі з боку кіраўніцтва раёна таксама вельмі важныя і каштоўныя. Толькі самыя цёплыя эмоцыі выклікала мерапрыемства і ў супрацоўніцы цэнтральнай аптэкі №65 Ніны Ігнатовіч: «Заўтра мы з сям’ёй традыцыйна збяромся за вялікім сталом, але свята асабіста для мяне пачалося ўжо сёння!»

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара