Дэвіз і талісман Дня беларускага пісьменства да свята ў Слоніме можа прапанаваць кожны жадаючы

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў першыя выходныя верасня ў Слоніме. На яго з’едуцца аўтары, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі з усёй Беларусі. Завітаюць таксама замежныя пісьменнікі. Разам з імі галоўнымі ўдзельнікамі свята стануць, канешне, чытачы – як малыя, так і дарослыя. 
Сёння Слонім ужо рыхтуецца сустрэць гасцей. А каб зрабіць свята яшчэ больш прыцягальным для шырокага кола беларусаў і замежных гасцей, вырашана, што ў Дня пісьменства з’явяцца свой гучны дэвіз і сімвал, ён жа – талісман. Прапанаваць іх можа кожны жадаючы.
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і Слонімскі райвыканкам абвясцілі конкурс па вызначэнню дэвіза і сімвала свята. Плануецца, што дэвізам стане слова ці кароткі выраз, які будзе ўтрымліваць ідэю Дня беларускага пісьменства, а талісманам – пазнавальны персанаж, які таксама будзе асацыіявацца са святам. Адначасова ад удзельнікаў чакаюць прапаноў, як дэвіз і сімвал могуць выкарыстоўвацца падчас свята – сувенірная прадукцыя, упрыгожванне горада, асобныя эпізоды мерапрыемства і гэтак далей.
0808decf11b3fd5419243442157b8e6b.jpg
Абмежаванняў па ўзросце ўдзельнікаў конкурсу, іх прафесійнаму статусу і няма. Аўтарамі могуць стаць асобны чалавек ці калектыў. Пры гэтым колькасць праектаў ад аднаго аўтара не абмежавана.
Прапановы прымаюцца да 22 сакавіка ў адвольным выглядзе. Іх можна даслаць па электроннай пошце на адрас slonim-ideolog@tut.by.
2b56666490b4cbf3199e052f89083707.jpg
Пераможцы будуць вызначаны да 2 красавіка ў дзвюх намінацыях: дэвіз свята і яго талісман. Яны стануць ганаровымі гасцямі Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.
 Фото з архіву «ГП»
Таццяна Кузнячэнкава