Как понимают ровесники Конституции Республики Беларусь ее основные постулаты

15 сакавіка наша краіна адзначае вельмі важную дату – Асноўнаму Закону Рэспублікі Беларусь спаўняецца дваццаць пяць гадоў. За гэты час Канстытуцыя паказала сябе неабходным гарантам, які, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, прадастаўляе нам галоўнае – правы і свабоду на годнае жыццё. Напярэдадні юбілею равеснікі самага важнага дакумента краіны разважаюць аб яго асноўных артыкулах, іх неабходнасці і адлюстраванні ў сучаснай рэчаіснасці.

? Што датычыцца мяне (аўтар гэтага матэрыялу таксама сёлета будзе спраўляць 25-годдзе), то я лічу, што магчымасць замежных грамадзян карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, што і мы, беларусы, сведчыць аб разумным падыходзе ўлады да гэтага пытання. Згодна з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, усе людзі з’яўляюцца роўнымі, таму не павінны падвяргацца дыскрымінацыі па палавой, нацыянальнай або рэлігійнай прыкмеце. Дзякуючы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін замежнай краіны, кітаец гэта або француз, можа адчуць сябе ў Беларусі вольна і ўпэўнена, бо ў любым выпадку яго інтарэсы будуць абавязкова абаронены. Таксама наша рэспубліка можа прадастаўляць прытулак асобам, якія церпяць праследаванне ў іншых дзяржавах за палітычныя і рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць. На мой погляд, гэта правільнае рашэнне, якое ў чарговы раз сведчыць аб тым, што наша краіна – яскравы прыклад справядлівасці і талерантнасці.

? Вікторыя НАВАГРАН,
інжынер-праграміст Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя:

– Атрымалася так, што сваё 25-годдзе ў сакавіку адзначаем і я, і Галоўны Закон Рэспублікі Беларусь. Гэта адначасова і прыемна, і вельмі пачэсна. Усе гэтыя 25 год Канстытуцыя гарантуе мае правы і вызначае мае абавязкі, дапамагае адчуць абароненасць і клопат з боку дзяржавы. Мне, былой студэнтцы, асабліва важна, што галоўны звод законаў прадастаўляе маладым людзям даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, бо час патрабуе ад моладзі сур’ёзных ведаў, трывалых уменняў і навыкаў, а таксама прафесіяналізму ва ўсіх галінах дзейнасці. Дабрабыт кожнага, а значыць, і дабрабыт дзяржавы напрамую залежыць ад якаснай адукацыі і, безумоўна, мэтанакіраванасці маладых людзей. Хочацца, каб моладзь разумела, што бясплатная адукацыя – гэта вялізны бонус ад дзяржавы, і задача кожнага – скарыстаць такі шанц дзеля таго, каб заўтрашні дзень быў радасным, цікавым і напоўненым задавальненнем ад абранай табою прафесіі.

? Дзмітрый НЕНАРТОВІЧ,
вядучы метадыст па гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Што датычыцца культурнай сферы дзейнасці, то кожны чалавек, які пражывае на тэрыторыі нашай краіны, згодна з Артыкулам 51, мае права на ўдзел у яе культурным жыцці. І зусім не мае значэння, якой канкрэтна дзейнасцю займаецца чалавек: мастак ён або скульптар, акцёр ці рэжысёр, драматург ці архітэктар – усе грамадзяне маюць права на самавызначэнне, а таксама на стварэнне і абарону культурнага твора інтэлектуальнай уласнасці. На маю думку, апошні аспект з’яўляецца асабліва важным, бо вельмі часта нашыя правы ў гэтым накірунку парушаюцца. Канстытуцыя ж гарантуе кожнаму чалавеку права на абарону таго, што ён стварыў сваім талентам і розумам… І ўвогуле, Асноўны Закон Беларусі дае велізарную магчымасць тварыць і ўвасабляць у жыццё інавацыі дзеля развіцця нашай культуры і краіны ў цэлым.

? Святлана ЖЭБРАК,
шматдзетная маці, вёска Лясок:

– Згодна з Канстытуцыяй, муж і жонка з’яўляюцца раўнапраўнымі ў сямейных адносінах, таму я, як замужняя жанчына, лічу гэта правільным і актуальным. Вельмі добра, што дзяржава прадастаўляе права дэкрэтнага водпуску па доглядзе за дзіцём кожнаму з членаў сям’і – як жонцы, так і мужу. Ведаю, што, напрыклад, у Мінску існуюць такія пары, дзе грошы зарабляе жанчына, бо ў яе гэта атрымліваецца лепш, а муж даглядае дзіця. Нягледзячы на тое, што спрадвеку было інакш, усё ж такі на двары 2019 год і трэба жыць згодна з яго рэаліямі. Зразумела, што бацькі павінны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Гэта таксама прапісана ў Законе для таго, каб лішні раз нагадаць тым, хто нядбала адносіцца да свайго прамога абавязку, што дзеці – галоўнае ў нашым жыцці. Яшчэ, думаю, нельга не пагадзіцца з тым, што ў сталасці дзеці павінны даглядаць сваіх бацькоў, дапамагаць ім. Гэта таксама зацверджана Канстытуцыяй і, што галоўнае, вельмі добра ўспрынята нашым грамадствам.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з архіваў герояў