Кореличские десятиклассники привезли награды с областного этапа конкурса «Голоса истории»

Атрымаўшы перамогу ў раённым этапе X краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”, каманда сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы паспяхова паўдзельнічала ў абласным спаборніцтве. Карэліцкія дзесяцікласнікі паказалі трывалыя веды, шырокую эрудыцыю і творчыя здольнасці на самым высокім узроўні, заваяваўшы Дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў.

Абласны этап конкурсу “Галасы гісторыі”, удзельнікамі якога сталі 18 каманд з усёй Гродзеншчыны, прайшоў 16 сакавіка на базе гімназіі №10 г. Гродна. У склад журы, якое ацэньвала вынікі кожнага з трох спаборніцтваў, увайшлі дацэнты, кандыдаты гістарычных навук.

— Па выніках віктарыны “Гродзеншчына 1801-1917 гг.” каманда набрала 4,6 балаў, саступіўшы адну дзясятую пераможцам, – адзначыла кіраўнік каманды настаўнік гісторыі СШ № 1 г.п. Карэлічы Зоя Бакей. – У спаборніцтве, пры падрыхтоўцы да якога рабяты скрупулёзна вывучалі жыццё і дзейнасць 36 гістарычных асоб, мы атрымалі Дыплом ІІ ступені. За веданне сядзіб Гродзеншчыны і творчае прадстаўленне маёнтка Свяцк-Гурскіх каманда ўдастоена Дыплома ІІІ ступені. Безумоўна, падрыхтоўка да конкурсу была каласальная і грунтоўная. Кожны з удзельнікаў каманды паказаў сябе на выдатна.

– Зразумела, усе мы хваляваліся. Адна справа, калі ты выступаеш у сценах роднай школы, зусім іншая – на вобласці абараняеш гонар раёна, – падзяліўся дзесяцікласнік Аляксандр Майсак. – Пасля раённага этапу ў нас быў тыдзень на падрыхтоўку да абласнога спаборніцтва. Працавалі шмат, сумяшчаючы вучобу з заняткамі па гісторыі. Агульным вынікам мы задаволены, а гэта самае галоўнае. Шчырыя словы ўдзячнасці педагогам школы, якія, не шкадуючы асабістага часу, займаліся з нашай камандай.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара