Первым в поле вышел ячмень. Аграрии КСУП «Племзавод «Кореличи» приступили к посевной кампании

На бягучым тыдні аграрыі Карэліччыны ўключыліся ў галоўную вясеннюю кампанію бягучага сезона. Нягледзячы на тое, што сіноптыкі працягваюць папярэджваць аб няўстойлівым надвор’і, сеялкі большай часткі гаспадарак выйшлі на палі раёна.

За непараўнальнымі ўражаннямі веснавога абуджэння і першымі фотаздымкамі пасяўной кампаніі-2019 накіроўваемся на раллю КСУП “Племзавод “Карэлічы”, працаўнікі якога ў аўторак, 26 сакавіка, прыступілі да сяўбы яравога ячменю.

– У мінулым годзе ў пасяўную ўвайшлі ў першай дэкадзе красавіка. Сёлета прыкладна на два тыдні раней, – адзначыў галоўны аграном КСУП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Бусько. – Да падрыхтоўкі глебы прыступілі некалькі дзён таму. Пасля культывацыі з-за моцнага ветру ралля хутка падсыхае. Таму пакуль у глебе ёсць дастатковая колькасць вільгаці, неабходна сеяць.

Для правядзення пасяўной кампаніі ў аптымальныя тэрміны гаспадарка забяспечана ўсімі неабходнымі складаючымі: якасным пасяўным матэрыялам, мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі, спраўнай тэхнікай, якая паспяхова прайшла дзяржтэхагляд. Дарэчы, у хуткім часе кіраўніцтва племзавода плануе набыць у лізінг новы трактар МТЗ 82, культыватар і зернеўборачны камбайн “Палессе”.

Сёлетні яравы клін гаспадаркі складае 209 га. 150 га адведзена пад ячмень, 29 га – пад пшаніцу, 20 га – пад авёс і 10 га – пад гарох. На плошчы 300 га плануецца пасеяць кукурузу, у тым ліку 100 га на зерне, і 200 га цукровых буракоў.

– Асноўнай яравой культурай для нашага сельгаспрадпрыемства з’яўляецца яравы ячмень. Для таго, каб поўнасцю забяспечыць патрэбы жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі, неабходна сабраць не менш за тысячу тон зерня, – падзяліўся Яўгеній Бусько. – Папярэднікам ячменю на гэты мполі была кукуруза. Восенню ўнеслі калій. Зараз жа, непасрэдна перад закладкай насення ў глебу, – фосфар.

Пасля заканчэння зімовага перыяду ўсіх без выключэння аграрыяў раёна турбуе адно і тое ж пытанне: як перазімавалі азімыя культуры? Па словах Яўгенія Бусько, зіма не прынесла ніякіх нечаканасцей, і 99% раслін сустрэлі вясну ў добрым стане. Не так даўно была праведзена падкормка азімых азотным угнаеннем КАС, што неабходна для іх далейшага росту і развіцця.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара