Спустя 32 года трудового стажа швея Татьяна Денис из Мира по-прежнему влюблена в свою профессию

Больш за 30 год якасна і з душой працуе для землякоў кравец КПП г.п. Мір Карэліцкага УКП БАН Таццяна Іванаўна Дзеніс. Сёлета за значны ўклад у развіццё бытавога абслугоўвання насельніцтва яна разам з калегай са швейнага атэлье Дома быта ў райцэнтры Ганнай Георгіеўнай Базар узнагароджаны Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага райвыканкама.

– У нашай працы галоўнае ўмець выслухаць і зразумець кліента, знайсці да кожнага індывідуальны падыход, забыць, што сёння ты хворы альбо з дрэнным настроем, пагаварыць з усмешкай і майстэрскі выканаць заказ, – деліцца прафесійным вопытам Таццяна Дзеніс. – Гэта я зразумела з першых дзён працы аж у 1987 годзе. А цікавіцца справай краўца пачала яшчэ раней – падчас заняткаў у вучэбным камбінаце пры школе ў родных Аюцавічах. Там атрымала неабходныя веды і пайшла ў быткамбінат у Мір на масавы пашыў. Быў невялікі перапынак, працавала ў калгасе ў сталоўцы. Але калі прафесія твая, то яна цябе не адпусціць. І я паехала ў Мінск у вучылішча далей спасцігаць майстэрства краўца. Вярнулася ў Мір і паступова з маспашыву перайшла ў індывідуальны. Цяпер вось на пенсіі, але сваю справу люблю, сачу за навінкамі ў тэхніцы і тэхналогіях, таму яшчэ і працую. Ды і быць з людзьмі звыкла, за столькі год з многімі кліентамі ўжо, можна сказаць, пасябравала і ведаю, як каму што найлепш зрабіць. Вось бачыце, колькі вакол зараз цюляў і фіранкаў, гэта нашы людзі пачалі рыхтавацца да Вялікадня. А яшчэ нядаўна быў сезон замкоў і цёплага адзення. Працы хапае і зімой, і ўлетку. Таму кожную раніцу вось ужо 30 год сажуся на ровар, часам і ў галалёдзіцу, і ў дождж, і еду з Аюцавіч у Мір. А калі прыходзяць маладыя дзяўчаткі на практыку, то шчыра радуюся і імкнуся навучыць усяму, даць параду. І дачка мая таксама звязала сваё прафесійнае жыццё з пашывам адзення, яна – тэхнолаг на “Купалінцы”. Сваім калегам у сувязі з нашым святам жадаю спакою і плёну ў працы, больш кліентаў і замоваў, заўжды заставацца маладымі душой, бадзёрымі, здаровымі і шчаслівымі!

? ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”

Больш за 60 год Карэліцкае УКП БАН аказвае бытавыя паслугі насельніцтву, займаецца вытворчасцю прамысловай прадукцыі і гандлем. Сёння гэта – 68 чалавек, 93% з якіх – жанчыны. УКП БАН з’яўляецца лідарам сярод аналагічных прадпрыемстваў у Беларусі, мае дзелавых партнёраў па ўсёй рэспубліцы, прымае ўдзел у прэстыжных выставах-кірмашах. За перыяд 2011-2018 гг. выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг вырасла ў 3 разы з 0,65 млн руб да 1,9 млн руб. Па выніках працы за мінулы год прадпрыемствам выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі дзейнасці. Атрымана чыстага прыбытку ў памеры 58 тыс. руб. Рэнтабельнасць продажу склала 1,8%. За 2017-2018 гг. прадпрыемству выдзелена 100 тыс. руб. бюджэтных сродкаў, што дазволіла часткова аднавіць швейнае абсталяванне, набыць транспарт для выязнога абслугоўвання насельніцтва, зрабіць дадатковую закупку сыравіны.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара