У пакаянні і чысціні. 6 сакавіка ў католікаў пачынаецца Вялікі пост

? 6 сакавіка ў Папяльцовую Сераду Каталіцкі Касцёл распачынае Вялікі пост. Гэта дзень пакуты і посту, які ўводзіць вернікаў у 40-дзённы перыяд духоўнай падрыхтоўкі да найбольшай хрысціянскай урачыстасці – Вялікадня, свята Ўваскрашэння Збавіцеля нашага Езуса Хрыста.

У першыя стагоддзі хрысціянства Вялікім Постам былі толькі Вялікі Чацвер і Вялікая Пятніца. У ІІІ ст. пасціліся ўжо цэлы тыдзень. Пачынаючы з IV ст. хрысціяне пачалі пасціць 40 дзён на памяць саракадзённага посту Езуса Хрыста ў пустыні і саракагадовай вандроўкі Ізраэлітаў з Егіпту ў Абяцаную Зямлю.

У гэты дзень у касцёлах адбываецца абрад пасыпання галоў вернікаў попелам на знак пакуты і жалобы. Гэтая традыцыя з’явілася ў літургіі ў VIII cт. У XI cт. папа рымскі Урбан II зрабіў гэты звычай абавязковым ва ўсім каталіцкім свеце.

У Папяльцовую Сераду належыць паўстрымацца ад мясных і малочных страваў, а таксама абавязвае сціслы пост, г.зн. дазваляецца з’есці адзін сыты пасілак у дзень.

Айцец Ежы САКОВІЧ,
пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Святой Ганны ў Варончы
Фота: catholic.by