Весна – все на старт! Разбираемся в тонкостях разведатлона вместе с областными призерами – лукским клубом «Витязь»

Вясна матывуе на актыўныя заняткі спортам. І ў сучаснага чалавека ёсць дзясяткі варыянтаў, куды прыкласці свае фізічныя сілы. Мы прапануем вам звярнуць ўвагу на даволі папулярны ў апошнія тры гады на Гродзеншчыне разведатлон.

Ваенна-прыкладная гульня праводзіцца ў выглядзе эстафеты. Камандзе з пяці чалавек трэба адолець няпросты алгарытм дзеянняў. Удзельнікі павінны трапна страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, дэманстраваць добрыя вынікі ў спартыўным арыентаванні, разумець “мову” компаса і карты, хутка знаходзіць кантрольны пункт.

У Карэліцкім раёне пра асаблівасці разведатлону вам могуць расказаць у ваенна-патрыятычным клубе “Віцязь” ДУА “Лукская сярэдняя школа”. Нашы хлопцы ўжо другі год паспяхова выступаюць на абласных спаборніцтвах па гэтай ваенна-прыкладной гульні.

Змаганні традыцыйна праходзяць на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і збіраюць як школьнікаў, так і студэнтаў. Складаны маршрут, суровыя ўмовы, моцныя супернікі – удзельнікам спаборніцтваў прыходзіцца мабілізаваць усе сілы для перамогі. Але нашым “віцязям” не звыкаць да выпрабаванняў. У мінулым годзе яны прывезлі з абласнога разведатлону другое месца, зараз вярнуліся на малую радзіму з бронзай.

Сёлета ў каманду ўвайшлі Уладзіслаў Кавальчук, Данііл Самец, Анатолій Грэбянюк, Мікалай Захарчук і Андрэй Брэнеў. Хтосьці з хлопцаў ужо спрабаваў свае сілы ў разведатлоне, іншыя выйшлі на маршрут упершыню. Сярод “навічкоў” – Андрэй Брэнеў, які быў прызнаны лепшым снайперам каманды.

Мікалай Захарчук выступаў за Карэліччыну ў другі раз, але расказаў, што хваляванне на спаборніцтвах усё роўна адчувалася: “Агульны вынік залежыць ад намаганняў кожнага ўдзельніка каманды. Мы адчувалі вялікую адказнасць. Але не разгубіліся, пераадолелі сумненнні, узялі добры тэмп і дасягнулі пэўных поспехаў”.

Кіраўнік “віцязяў” Уладзімір Матусевіч ганарыцца ўдалым выступленнем сваіх выхаванцаў: “Падрыхтоўка да спаборніцтваў была сур’ёзнай. Не кожны дарослы вытрымае такія трэніроўкі. Але хлопцы мужна прынялі ўсе выклікі і выйшлі на старт з адной мэтай – увайсці ў тройку лідараў. Упэўнены, што з такім настроем нас чакаюць яшчэ большыя перамогі ў разведатлоне”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і ВПК “Віцязь”