«Телята ласку любят, как дети». Мария Манько из Долматовщины более 20 лет работает животноводом

Так склалася, што жывёлагадоўчую галіну мы часцей за ўсё звязваем з вытворчасцю малака. Безумоўна, бюджэт любога сельгаспрадпрыемства ў значнай ступені фарміруецца за кошт колькасці і якасці здадзенай на перапрацоўку малочнай сыравіны. Аднак значнай увагі заслугоўваюць і тыя жывёлаводы, якія гадуюць цялят. Ад таго, як яны спрацуюць, залежыць і будучае пагалоўе дойнага статку, і прыбыткі ад рэалізацыі мяса.

Адным з лепшых раённых аператараў па дарошчванні буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту прызнана Марыя Віктараўна Манько з МТФ “Далматаўшчына” КСУП “Лукі-Агра”. Сярэднясутачныя прывагі ў замацаванай за ёй групе цялят склалі 936 грамаў.

Тое, што Марыя Манько дасягнула лепшага ў раёне паказчыка, зусім нядзіўна. Жанчына працуе ў жывёлагадоўчай галіне без малога 23 гады. У 1993 годзе яна ўладкавалася на працу на ферму “Далматаўшчына”. З таго часу адзінай і, безумоўна, любімай работай з’яўляецца догляд за цялятамі.

– Галоўнае – у справу, якую ты робіш, укладваць душу, любіць яе, – адзначае Марыя Манько. – Ведаеце, калі хтосьці з маіх падапечных хварэе, і мне не па сабе, вельмі перажываю. Цяляты адчуваюць адносіны да іх. Яны ласку любяць, размаўляць з імі трэба. У кожнай жывёлы свой характар: ёсць спрытныя, палахлівыя, спакойныя. Але ўсім неабходна ўвага і клопат.

Галоўная задача аператара на дарошчванні буйной рагатай жывёлы – забеспячэнне цялят якаснымі кармамі ў дастатковай колькасці. Менавіта ад гэтага і залежаць сярэднясутачныя прывагі яе падапечных. У залежнасці ад ўзросту цялят у іх дзённы рацыён, які раздзелены на ранішняе і вячэрняе кармленні, уваходзяць малако, камбікорм, сена, сянаж і мінеральныя дадаткі. Да таго ж, жывёлаводу трэба сачыць за тым, каб у паілках была чыстая вада.

– Прыходжу на ферму дзесьці калі шасці гадзін раніцы. Да дзясяці гадзін кармлю кожную ўзроставую групу і іду дадому, – расказвае Марыя Манько. – Дзесьці ў чатыры дня я зноў на ферме. Выхадных дзён у мяне няма, ды і ў святы я побач са сваімі падапечнымі. Безумоўна, ёсць пэўная матэрыяльная зацікаўленасць: чым лепш цяляты набіраюць вагу, тым большы ў мяне заробак.

Малой радзімай жанчыны з’яўляецца аграгарадок Лукі. Сёння яна жыве ў вёсцы Далматаўшчына. Цяжка было паверыць, што Марыя Манько носіць ганаровы статус бабулі. Ды не проста бабулі, а ў патройным памеры: у яе падрастаюць дзве ўнучкі і ўнук.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара