Члены литературного объединения «Рэчанька» встретились в редакции газеты «Полымя»

На мінулым тыдні ў рэдакцыі газеты «Полымя» сустрэліся члены літаратурнага аб’яднання «Рэчанька». Напачатку мясцовыя паэты наведалі Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, дзе навуковы супрацоўнік Марыя Беленава правяла экскурсію па ўсіх залах.

устрэча прадоўжылася ў рэдакцыі нашай раёнкі. Галоўны рэдактар Іна Лейка, звяртаючыся да членаў літаб’яднання «Рэчанька», выказала словы ўдзячнасці за творчае супрацоўніцтва з газетай. Яна адзначыла, што выданне вершаў знаходзіць падтрымку з боку мясцовай улады, кіраўніка раённай вертыкалі Віктара Шайбака.
Галоўны рэдактар уручыла Падзячныя лісты ад рэдакцыі актыўным пазаштатным аўтарам Галіне Калтуновай, Марыі Палуян, Святлане Моніч, Міхаілу Сініцы і адзначыла, што ўклад у развіццё мясцовых сродкаў масавай інфармацыі паэтаў належны — паэзія ўзнімае настрой і прыдае новыя сілы.
Члены літаб’яднання шчыра і адкрыта дзяліліся сваімі меркаваннямі і ўспамінамі, а таксама чыталі вершаваныя творы. Аляксандра Панасенка з вёскі Баранавічы нагадала той час, калі нясмела пераступіла парог рэдакцыі са сваімі вершамі, але падтрымка былога рэдактара Івана Шлыка зрабіла сваю справу — паэтка прадаўжае пісаць вершы і падтрымлівае творчае супрацоўніцтва з раёнкай. Сябруе з «Полымя» і Эма Русак з вёскі Некрашэвічы, дасылае свае вершаваныя творы ў рэдакцыю, а падчас сустрэчы яна прачытала свой верш пра вёску. Дарэчы, да тэмы малой радзімы звяртаюцца многія мясцовыя паэты, бо Карэліччына кранае сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.
Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай. Кожная прамова і кожны верш краналі да глыбіні душы. Асабіста журналістам было прыемна пачуць верш Марыі Палуян з г.п. Карэлічы, які яна прысвяціла раённаму выданню з нагоды сёлетняга юбілею — 75-годдзя. Акрыляюць яе пажаданні: «Каб «Полымя» зноў палымнела, «Рэчанька» не абмялела, каб кожны радок у сэрцах нашчадкаў застаўся». Да гэтага імкнуцца і пазаштатныя аўтары, і раённыя журналісты.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ