Кореличчане обсуждают Послание Президента к белорусскому народу и Национальному собранию Республики Беларусь

?? 19 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Зварот лідара дзяржавы меў шырокі водклік сярод жыхароў краіны і Карэліцкага раёна.

?? Руслан АБРАМЧЫК,
намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама,
старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»:

— Як і кожная службовая асоба краіны, я фіксаваў у Пасланні не проста тэзісы, а канкрэтныя даручэнні, якія ў іх гучалі. Толькі сацыяльнай сферы нашага раёна неабходна прапрацаваць «дарожныя карты» не менш чым па сарака напрамках. Мы не будзем чакаць фармалізаваных пратаколаў даручэнняў вышэйстаячых органаў, аддзелы і ўпраўленні райвыканкама ўжо ў гэты панядзелак вызначыліся з пералікам мерапрыемстваў, у рамках якіх мы будзем на мясцовым узроўні выконваць пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы.

Так, мы ўжо заняліся азеляненнем раёна: у школах і клубах закладзены тры яблыневых сада. Толькі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі будзе пасаджана больш за 400 дрэў. Жылкамгас высадзіць больш за 7,5 тысяч кветак. Малая радзіма павінна быць цудоўнай і квітнеючай.

Будзе працягнута работа па ўмацаванні спартыўнай базы ўстаноў адукацыі і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Ужо цяпер Карэліччына актыўна рыхтуецца да прыёму турыстаў, прыезд якіх чакаецца гэтым летам на Другія Еўрапейскія гульні.

У мясцовай улады шмат пытанняў, якія трэба вырашаць. Гэта і павышэнне ўзроўню заработнай платы, і працаўладкаванне жыхароў раёна, і дапамога шматдзетным сем’ям, адзінокім пажылым грамадзянам, клопат пра здароўе і адукацыю карэліччан. Усе механізмы па гэтых напрамках у нас прапрацаваны, і мы паступова іх ажыццяўляем.

?? Дзмітрый СКВАРЧЫНСКІ,
першы намеснік начальніка Карэліцкага РАУС:

— Як адзначыў Прэзідэнт, імклівае развіццё камунікацыйных тэхналогій адкрывае новыя магчымасці для злачыннага ўмяшання, несанкцыянаванага атрымання і выкарыстання дадзеных, у тым ліку асабістых.

Што датычыцца Карэліцкага раёна, удзельная вага злачынстваў, якія былі здзейснены з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, у адносінах да агульнай колькасці правапарушэнняў з кожным годам няўхільна расце. Калі ў 2017 годзе былі здзейснены 3 злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, то ў 2018 годзе – 14. Па стану на 15 красавіка 2019 года ўжо зарэгістраваны 9 кіберзлачынстваў.

У Пасланні Прэзідэнт таксама закрануў пытанні барацьбы са злачынствамі і правапарушэннямі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, праваахоўныя органы на належным узроўні забяспечваюць грамадскі парадак і спакой грамадзян краіны. Колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў за апошнія 5 гадоў зменшылася амаль на чвэрць. У раёне таксама назіраецца зніжэнне колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў: 2016 год – 22 злачынствы, 2017 год – 11, 2018 год – 6.

?? Аляксей КАЎЦЭВІЧ,
намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” па медыцынскай часці:

— Тэма медыцыны не адзін раз уздымалася падчас Паслання Прэзідэнта. Сапраўды, здароўе беларусаў – гэта дабрабыт нашай краіны. І ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы мы імкнёмся аказаць насельніцтву высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу. У першую чаргу, тут хочацца ўзгадаць нядаўна адкрытае міжраённае аддзяленне гемадыялізу. Апроч таго, нашы спецыялісты праводзяць высокатэхналагічныя аперацыі. Напрыклад, у сакавіку мы выканалі остэасінтэз пералому сцегнавой косці з фіксацыяй металічнай пласцінай і з трансплантацыяй фрагмента аўтакосці з картыкальным слоем у зоне пералома. Вялікая ўвага ў нашай ўстанове надаецца прафілактыцы захворванняў і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Бо, як адзначыў Прэзідэнт: “Без фізічнай актыўнасці, заняткаў спортам не будзе здаровых дзяцей, здаровых людзей, здаровай нацыі ў цэлым”. Мы рэгулярна праводзім акцыі, да нас прыязджаюць з кансультацыямі спецыялісты з вобласці. Адкрыты мы для дыялогу і на прасторах інтэрнэта: дзейнічае сайт, таксама ёсць і акаунты ў папулярных сацыяльных сетках. Да таго ж, нашы спецыялісты вядуць актыўную работу на перыферыі: кожны тыдзень па аўторках урачы раённай бальніцы выязджаюць на сельскія ўчасткі. Клапоцімся мы і пра ўзровень нашых працоўных кадраў, надаём увагу маладым спецыялістам. Так сёлета мы чакаем 12 урачоў, у тым ліку акушэраў-гінеколагаў, рэаніматолагаў, хірургаў. Такім чынам, мы робім усё, каб кожны жыхар нашага раёна меў свабодны доступ да якаснай медыцыны.

?? Аляксандр ДАНІЎКА,
інспектар Карэліцкай раённай энергагазінспекцыі
Лідскага міжраённага аддзялення філіяла “Энергагазнадзор” па Гродзенскай вобласці:

— Мяне як спецыяліста зацікавіла ў першую чаргу тэма БелАЭС і тыя перспектывы, якія адкрываюцца перад энергетыкай краіны. Я лічу добрым паказчыкам тое, што будаўніцтва станцыі абышлося танней за лік належнага кантролю, прафесіяналізму спецыялістаў і выкарыстання мясцовых рэсурсаў. Ёсць упэўненасць, што мы станем менш залежнымі ад замежных паставак нафты і газа. А магчымасць будаўніцтва яшчэ адной АЭС умацоўвае гэтыя перспектывы. Як чалавека і грамадзяніна ў Пасланні Прэзідэнта мяне парадавала значная ўвага ўладаў да развіцця малых населеных пунктаў, да якіх належаць і нашы Карэлічы. Тут мой дом, праца, сям’я, сябры, і, безумоўна, мне хочацца, каб роднае месца жыло і развівалася.

Каментарыі падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА, Аксана ЯНУШ, Марына КАЗЛОВІЧ